Песьня хвалебная сьв. Кірылы Тураўскага
Дай, добры Божа, зару й сонца бачыць,
Тваёю ласкай захавай ад грэху:
К Табе ўздыхае маё сэрца, плачыць –
Дай ў Тваёй сіле мне знайсьці пацеху.
Ты сьвет уладзіў на людзкую службу –
Такі карысны і такі прыгожы,
Каб мы, ўвайшоўшы з гэтым сьветам ў дружбу,
Цябе хвалілі, найлепшы наш Божа!
Табе малюся, Божа міласьцівы,
Дай мне ўбачыць сьвет Твой найясьнейшы –
Цябе самога і ўсе ў небе дзівы –
На векі вечны Божа наймілейшы!
Тваёю моцай і я моцны стану –
Айца, і Сына, і Духа Сьвятога –
Тройцу адзіну, калі ў неба гляну,
Хваліці буду Стварыцеля Бога.
Будзь слава Богу ў Тройцы ўсемагутнай
І жыватворчай, вечнай назаўсёды,
І неразьдзельнай, і адзінасутнай,
У Божай моцы – знак любові-згоды.
Вершаваны пераклад на сучасную беларускую мову а. Язэпа Гэрмановіча