Пошук

Каляндар

 

У Маскве католікі і мясцовыя беларусы маліліся ў 35-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы  


У Маскве католікі і мясцовыя беларусы маліліся ў 35-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофыУ панядзелак 26 красавіка ў маскоўскім францішканскім кляштары Меншых Братоў Канвентуальных адбылося адмысловае набажэнства, удзельнікі якога памаліліся за ўсіх загінулых і пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС, а таксама аб пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.


У памяць аб гэтай трагічнай падзеі, якая адбылася 35 гадоў таму, на супольную малітву сабраліся католікі Маскоўскага рэгіёна і прадстаўнікі беларускай дыяспары. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў айцец Дарыюш Харасімовіч OFMConv, кусташ Расійскай кустодыі Меншых Братоў Канвентуальных. Разам з ім служылі айцец Пётр Карнялюк OFMConv і протаархімандрыт айцец Петрас Есаян, пробашч армяна-каталіцкай парафіі святога Рыгора Асветніка.

 

Акрамя малітвы аб пацярпелых у выніку Чарнобыльскай катастрофы, удзельнікі набажэнства скіравалі да Бога просьбы аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.

 

Божае слова на святой Імшы прамовіў айцец Петрас Есаян, які паходзіць з Беларусі і выдатна валодае беларускай мовай.

 

Святар запрасіў кожнага знайсці Бога побач і намагацца захаваць Яго ў табэрнакулюме сваёй душы.

 

«Паспрабуйце ўбачыць Хрыста ў кожным чалавеку навокал: у транспарце па дарозе на працу, у суседзях. Паспрабуйце пакінуць Яго ў сабе. Як Хрыстус знаходзіцца ў табэрнакулюме ў капліцы, няхай ён таксама застанецца ўнутры кожнага з нас»,— заахвоціў удзельнікаў набажэнства протаархімандрыт айцец Петрас.

 

Тэкст: Аляксей Бука / Фота: Вольга Хруль / Catholic.by


27.04.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier