Пошук

Каляндар

 
пятніца
КРАСАВІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Сьвята ў Браславе  


Сьвята ў Браславе
22 жніўня ў Браславе ў дзесяты раз прайшло сьвята іконы Маці Божай Валадаркі азёраў. Гэтай былой грэка-каталіцкай іконай і сьвятыняй на працягу ўжо дзесяці год апякуецца рыма-каталіцкая Царква. У сьвяце прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларускага, Рускага і Польскага духавенства рыма-каталіцкай і грэка-каталіцкай Цэркваў. Ад нашай Царквы прыехала дэлегацыя з адзінаццаці чалавек, якую ўзначальваў апостальскі візытатар архім. Сяргей Гаек. Сьвята распачала грэка-каталіцкая моладзь прыгожым усходнім сьпевам Акафісту Маці Божай.
Пасьля была адслужана ўрачыстая Сьвятая Літургія, якой прадстаяў апостальскі нунцый Марцін Відавіч. Малітва праходзіла пад адкрытым небам, а вельмі блізкая прысутнасьць возера ахалоджвала сьпякоту дня. На супольнай малітве вакол прастола зграмадзілася каля 1,5 тысячы вернікаў. Было вельмі шмат маладых людзей, большасьць з якіх засталася таксама і на чатырохдзённыя рэкалекцыі. Наш Нябесны Айцец клапоціцца пра нас ва ўсім, таму пасьля Сьвятой Літургіі ўдзельнікі былі запрошаныя на вельмі смачны абед. І ўжо насычаны Нябесным і зямным Хлебам Народ Божы мог спакойна вяртацца дамоў. Калі блаславіць Госпад, на наступны год адбудзецца адзінаццатае такое спатканьне. І хаця дата не юбілейная, будзем спадзявацца, што ўшанаваць Маці Божую прыедзе яшчэ больш верных, адданых Богу і Бацькаўшчыне людзей!
Семінарыст Сяргей Раюнец

24.08.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier