Пошук

Каляндар

 

15 сакавіка Каталіцкая Царква ўшаноўвае памяць святога рэдэмптарыста Клімента Гафбауэра  


15 сакавіка Каталіцкая Царква ўшаноўвае памяць святога рэдэмптарыста Клімента ГафбауэраУ 1784 годзе, расчараваны духам ёзафінізму (ад імя імператара Ёзафа ІІ), што панаваў у Венскім універсітэце, Клімент адпраўляецца разам з таварышам-студэнтам Тадэем Гюблем у Рым. Там яны пазнаёміліся з рэдэмптарыстамі і сталі кандыдатамі да Кангрэгацыі. Пасля скарочанага тэрміну навіцыяту, 19 сакавіка 1785 года Клімент і Тадэй склалі зарокі, а 29 сакавіка іх высвецілі ў святары.

Пасля гэтага яны вяртаюцца ў Вену, спадзеючыся заснаваць там супольнасць рэдэмптарыстаў. Але гэта аказалася немагчымым з-за ёзафінісцкіх законаў, якія панавалі ў Аўстрыі, таму айцы на мяжы верасня і кастрычніка 1786 г. вырушаюць у напрамку Варшавы.

Перад выездам з Вены яны атрымалі ад апостальскага нунцыя ліст, адрасаваны варшаўскаму нунцыю, у якім было сказана, што тэрыторыяй іх дзейнасці павінна была стаць "Polonia Russa", або тэрыторыя Беларусі, якая адышла да Расійскай імперыі пасля І падзелу Рэчы Паспалітай 1772 г. Верагодна, што вырушаючы з Вены, Гафбауэр з Гюблем накіроўваліся канкрэтна ў Магілёў.

Айцы прыбылі ў Варшаву ў лютым 1787 г. Падчас іх падарожжа змянілася рашэнне адносна іх месца прызначэння. Было вырашана, што яны накіруюцца замест Магілёва ў Шведскую Памеранію ў г. Штральзунд. Аднак з-за цяжкай зімы, якая была ў той год, яны засталіся чакаць вясны ў Варшаве, і ў выніку там і засталіся.

У Варшаве Клімент Гафбауэр стаў настаяцелем нямецкай царквы св. Бенона. Там ён разгарнуў вельмі энергічную пастырскую дзейнасць і прыцягнуў у Кангрэгацыю шмат кандыдатаў. Царква св. Бенона стала месцам "пастаяннай місіі", у праграму якой уваходзілі штодзённыя навукі, пропаведзі, споведзі і набажэнствы. Пры царкве таксама дзейнічалі сірацінцы і школы для дзяўчат і хлопцаў. Дзейнасць рэдэмптарыстаў ў Варшаве працягвалася да 1808 г.: у гэтым годзе паводле загада Напалеона царкву св. Бенона закрылі, а супольнасць разагналі.


15.03.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier