Пошук

Каляндар

 

27 студзеня: Успамін Блаславёнага Юрыя (Матулевіча)  


27 студзеня: Успамін Блаславёнага Юрыя (Матулевіча)Беларускія грэка-католікі даручаюць сваю евангелізацыйную місію малітоўнаму заступніцтву блаславёнага свяціцеля Юрыя, які актыўна працаваў для дабра каталікоў усходняга абраду.

 

- Блаславёны біскуп Юрый Матулевіч МІС (1881-1927) - як віленскі біскуп (1918-1925) - прыняў у сваю дыяцэзію айцоў езуітаў усходняга абраду ў манастыр у Альбярціне каля Слоніма (дзе ў 1924 г. была арганізавана Усходняя місія) і айцоў базыльянаў у іх былы манастыр у Тараканях (Кобрынскі раён), размешчаны ў ваколіцах, населеных украінскім насельніцтвам. Біскуп Юрый адказваў на абвінавачванні ў справе базыльянскага манастыра ў лісце да апостальскага нунцыя, у прыватнасці, напісаўшы: "Гэтыя ваколіцы саспелі для ўраджаю. Хто я, каб адважыўся забараніць працу работнікам, якіх, падобна, сам Госпад паклікаў на жніво?" 

24 ліпеня 1925 г. сваім дэкрэтам біскуп Юрый Матулевіч кананічна заснаваў парафію ўсходняга абраду ў Альбярціне. У 1926 г. генеральны настаяцель езуітаў заснаваў у Альбярціне асобны навіцыят усходняга абраду. 

Біскуп Юрый памёр 27 студзеня 1927 г. у Коўне. 28 чэрвеня 1987 г. ён быў беатыфікаваны ў Рыме папам св. Янам Паўлам II. 

+ + +

- Блаславёны Юрый Матулевіч быў адным з пяці біскупаў-ардынарыяў дыяцэзій лацінскага абраду (падляшскай, віленскай, пінскай, луцкай і люблінскай), на тэрыторыі якіх адраджаліся парафіі візантыйска-славянскага абраду ў рамках Неауніі. 

- У 1931 г. блаславёны святамучанік Мікалай Чарнецкі CSsR, быў прызначаны Папам Піем XI біскупам - апостальскім візітатарам неа-ўнійных парафій. 

- 8 кастрычніка 1939 г., ва ўмовах савецкай акупацыі, мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, дзейнічаючы сілай асаблівых папскіх паўнамоцтваў, стварыў грэка-каталіцкі Беларускі экзархат (як апостальскі экзархат) і ў 1940 г. прызначыў а. Антонія Неманцэвіча SJ на пасаду апостальскага экзарха. 22 лістапада 1941 г. Папа Пій XII зацвердзіў экзархаў, намінаваных у 1939 і 1940 г. мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім. 

- Апостальскім Экзархам у 1940-1943 гадах быў а. Антоні Неманцэвіч SJ, замучаны ў нямецкай нацысцкай турме СД у Мінску 6 студзеня 1943 г. 

 

Грэка-католікі Беларусі даручаюць сваю евангелізацыйную місію ў гэты складаны час малітоўнаму заступніцтву блаславёнага свяціцеля Юрыя (Матулевіча) і блаславёнага святамучаніка Мікалая (Чарнецкага).

 

26.01.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier