Пошук
Нядзельнае казаньне
|
панядзелак
ЛІСТАПАДА |
Героі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы - I
Імёны, якія нам сёння трэба ўзгадаць, выцягнуць з запыленых архіваў са здзіўленнем і захапленнем для іх уладальнікаў: экзарх Антон (Неманцэвіч), архімандрыт Андрэй(Цікота), архімандрыт Фабіян (Абрантовіч), а. Язэп (Германовіч), архімандрыт Леў (Гарошка), а. Тамаш (Падзява). Гэта яны – пакуль малавядомыя беларускія героі XX-га стагоддзя, якія ахвярна служылі Каталіцкай Царкве і сваёй Бацькаўшчыне. Сказана "пакуль малавядомых", бо мы, людзі, незаўсёды своечасова здольныя зрабіць слушную ацэнку сваёй гісторыі, і не заўсёды для гэтага хапае дакументальна пацверджаных фактаў... Гэта постаці, якіх Каталіцкая Царква звычайна называе святымі. І хоць пакуль нашыя героі афіцыйна не занесеныя ў гэтыя спісы, але іх подзвіг не можа не натхняць... Не можа ненатхняць нас, спадкаемцаў гэтых волатаў духу, на роздумы і шляхетныя ўчынкі, паводле іх дастойнага прыкладу, на карысць Каталіцкай Царквы і сваёй Бацькаўшчыны. Гэтых людзей шмат аб'ядноўвае: усе яны былі каталіцкімі святарамі і служылі ў візантыйскім (грэка-каталіцкім) абрадзе, усе яны (акрамя а. Антона (Неманцэвіча) належалі манаскай супольнасці айцоў-марыянаў. Частка з іх загінула ў савецкіх лагерах, гэта - архімандрыт Андрэй (Цікота) і архімандрыт Фабіян (Абрантовіч). Адзін з іх – а. Антон (Неманцэвіч) стаўся ахвярай нямецкіх нацыстаў. Айцец Язэп (Германовіч) і а. Тамаш (Падзява) прайшлі савецкія лагеры і памерлі на чужыне ў эміграцыі. Скончыў таксама на чужыне сваё жыццё іархімандрыт Леў (Гарошка). Няма сумневу, што гэтых людзей аб'ядноўвала не толькі ахвярнае жыццё, але таксама і смерць. Іх смерць, якая сталася для шматлікіх людзей знакам іншай, нябачнай рэчаіснасці, даякой яны імкнуліся ўсё жыццё, намагаючыся застацца да канца вернымі свайму Госпаду - Ісусу Хрысту. Апостальскі экзарх Антон (Неманцэвіч) – (1893 – 1943)
Пакліканне
Нарадзіўся а. Антон (Неманцэвіч). далёка ад сваёй радзімы – у Санкт-Пецярбургу 8 лютага 1893 году. Ягонымі бацькамі былі Вікторыя і Ян, якія прыехалі туды з ваколіцаў Саколкі, што знаходзіцца недалёка ад Беластоку. У Пецярбургу Антон скончыў вядомую прыватную каталіцкую гімназію св. Кацярыны ды абраў не лёгкую святарскую дарогу. Пасля заканчэння ў 1915 годзе каталіцкай семінарыі ён адразу паступіў у мітрапаліцкую Духоўную Акадэмію, якая ў той час існавала ў Пецярбургу.
У тым самым годзе а. Антон, свядомы сваёй нацыянальнай прыналежнасці, далучаецца да беларускага кола, якое існавала пры Акадэміі. Тут ён разам з аднадумцамі паглыбляе свае веды пра Бацькаўшчыну ды дзеліцца імі з іншымі людзьмі. Знакава, што на адным з пасведчанняў гэтага клуба ён робіць даклад пра Берасцейскую Унію, да якой ужо ў тыя часы мае цікавасць.
Пад час свайго побыту ў Пецярбургу, ён актыўна пашырае ідэю еднасці Цэркваў сярод праваслаўных. Гэтая руплівасць была заўважана Экзархам расійскіх грэка-каталікоў а. Леанідам Фёдаравам. У сваім лісце да мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага ён пісаў, што сярод беларускіх святароў-лаціннікаў ёсць шмат шчырых прыхільнікаў Уніі, якія дзеля гэтага гатовыя прыняць усходні абрад. Сярод імёнаў пералічаных у лісце было таксама прозвішча а. Антона.
Не хутка аднак а. Антон вярнуўся на Бацькаўшчыну, каб працаваць на карысць Богу і еднасці Цэркваў. Адбылося гэта толькі ў 1929 годзе. Перад гэтым ён паспеў двойчы (у 1919 і 1921) пабываць у савецкіх астрогах за "занадта актыўную рэлігійную дзейнасць". У 1921 годзе а. Антон быў далучаны да тых вязняў, якімі абмянялася бальшавіцкая Расія з Польшчай. З Польшчы, па накіраванню мітрапаліта Эдварда Роппа, ён выязджае на вучобу ў Рым у Папскі Усходні Інстытут. Тут ён абараняе доктарскую працу, якая была прысвечаная выхаванню моладзі ў бальшавіцкай Расіі і ізноў вяртаецца ў Польшчу.
Пасля году выкладчыцкай дзейнасці ў Любліне ў Каталіцкім Універсітэце ды Місійнам Інстытуце, а. Антон у 1929 годзе вяртаецца на сваю Айчыну ў прыгарад Слоніма, Альбярцін. У Альбярціне ён уступае ў навіцыят айцоў-езуітаў усходняга абраду. Тут ён, маючы ўжо 36 год ды дастаткова багаты жыццёвы і душпастарскі досвед, вучыцца ў пакоры манаскаму жыццю і езуіцкай духоўнасці.
Пропаведзь а. Антона (Немацэвіча)
Айцец Антон ва ўсім сваім жыцці ды служэнні імкнуўся быць добрым пастырам і сведкам Евангелля. У жыцці і душпастырстве а. Антон карыстаўся прынцыпам, які стаўся яго сваеасаблівым дэвізам: «Наш абавязак адносна Бога – Яму служыць, а не Ім паслугоўвацца».
Не гледзячы на розніцы ў веравызнанні ці палітычных поглядах ён быў пакорным слугою для ўсіх сваіх суайчыннікаў. Ягоным вялікім ідэалам была з'яднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр ён імкнуўся да гэтага ідэалу праз будаванне, перад усім, братэрскіх адносінаў з праваслаўнымі.
Нават калі ён у сваім часопісе "Да Злучэньня" і закранаў палітычныя тэмы, то ацэньваў іх заўсёды з пункту гледжання рэлігійнага ды маральнага. Напрыклад, калі ён пісаў артыкулы пра бязбожны камунізм, то ганіў менавіта спробы зладзіць грамадзкае жыццё без Бога, знішчэнне Царквы Хрыстовай і масавае праліццё крыві бальшавікамі. Подобным чынам ён ацэньваў таксама нацызм, пішучы пра яго як пра «расавае вар’яцтва» (гл. "Да Злучэньня", 1932 № 8-9).
Чужой для айца Антона была таксама нацыянальная абмежаванасць. У першай палове дваццатых гадоў ХХ стагоддзя ён у маскоўскім касцёле святых Пятра і Паўла служыў польскай моладзі, якая ў тыя часы гуртавалася каля гэтага вогнішча рэлігійнасці ды за гэта быў арыштаваны бальшавікамі. У другой палове трыццатых гадоў ён выязджаў на Валынь, каб працаваць на ўкраінскіх парафіях.
Аднак найбольш блізкай, была для а. Антона праца для беларусаў і па-беларуску. Акрамя беларускамоўнага часопіса «Да Злучэньня», які 1936 г. быў забаронены польскімі ўладамі, айцец Антон закладаў рэлігійныя гурткі для дзетак-беларусаў, праца ў якіх праходзіла па-беларуску. Ужо як Экзарх ён заснаваў «Апостальства малітвы за Беларусь». На пасаду экзарха для беларускіх грэка-католікаў ён быў прызначаны мітрапалітам Андрэям Шаптыцкім 17 верасня 1940 г. (Мітрапаліт Андрэй дзеючы на моцы “спецыяльных паўнамоцтваў”, якія атрымаў ад Папы Пія Х, у 1939 г. стварыў Беларускі Экзархат).
Царква – вораг нацызму
Айцец Антон (Неманцэвіч) жыў і працаваў у часы нямецкай акупацыі. Сутыкненне з акупацыйнымі ўладамі было непазбежным. Каб накрэсліць у некалькіх сказах стаўленне нацыстаў да Каталіцкай Царквы, дастаткова тут зацытаваць словы шэфа менскага СД Эдварда Штраўха, якія ён прамовіў 10 красавіка 1943 году:
"Без сумніву – Царква гэта наш вораг. Натуральна, Царква хоча папоўніць тут свае страты, якія яна зазнала ў Еўропе, а асабліва ў Рэйху. Яна мела намер гэта зрабіць праз пранікненне да праваслаўнай Царквы, акольным шляхам праз Уніяцкую Царкву [...]. Умовы для яе былі спрыяльныя, і Рыма-каталіцкая Царква прыйшла сюды з вялікай колькасцю прапаведнікаў і не сустрэла вялікіх цяжкасцяў [...]. Таму аднадушна мы вырашылі спыніць тут гэтую Рыма-каталіцкую Царкву [...]. Паколькі большасць духавенства прыняло бок палякаў, мне удалося іх злавіць і скончыць з імі" (Э. Ярмусік, Католический костёл на Беларуси в годы второй мировой войны, ст. 227-228).
Відавочна, што для нямецкіх нацысцкіх акупантаў Беларусі душпастырская руплівасць каталіцкіх святароў абодвух абрадаў, а можа нават у асаблівы спосаб святароў грэка-каталіцкіх, з'яўлялася небяспечнай. Вось чаму і лічылі яны Царкву сваім ворагам. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што пакорны і руплівы сведка Евангелля Экзарх Антон Неманцэвіч стаў «пагрозай» для магутнай, антычалавечай нацысцкай сістэмы.
Мучаніцкі подзвіг
6 студзеня 1943 г. ў шпіталі менскае турмы СД памёр Экзарх Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы айцец Антон (Неманцэвіч).
У архіўным дакуменце сцверджваецца: «З меркаванняў паліцыі бяспекі Неманцэвіч мусіў быць пераведзены са Слоніма ў Мінск. 30.11.1942 г. ён захварэў на сыпны тыф. [...] Зважаючы на значэнне ягонай асобы, ён быў дастаўлены ў штабкватэру паліцыі бяспекі і СД Беларусі. Тут ён памер 6.01.1943 г. ад сардэчна-сасудыстай недастатковасці, якая наступіла пасля сыпнога тыфу» .
Аднак іншы святар, айцец Леў Гарошка, сведчыць, што айцец Антон хварэў на тыф яшчэ ў дзяцінстве і таму меў на яго імунітэт! Вось чаму можна пагадзіцца з перакананнем а. Льва, што нямецкія нацысты проста спрабавалі схаваць такім чынам забойства (сярод тартураў) айца Антона, які быў актыўным душпастырам і высокім царкоўным ярархам. У кожным выпадку можна казаць пра ягонае мучаніцтва ex aerumnis carceris (вычарпанне ў варунках вязніцы).
Экзарх БГКЦ Антон (Неманцэвіч) быў пахаваны 9.01.1943 г. на нямецкіх могілках у Менску святаром мясцовай праваслаўнай Царквы. Аўтар – а. Андрэй Буйніч
PS. Увазе чытачоў рэкамендуем навуковы артыкул пра Экзарха Антона Неманцэвіча. |
|
13.01.2018
|






Сёньняшняе чытаньне:
