Дні малітвы і посту яднаюць хрысціян і людзей добрай волі.
За Беларусь ужо доўгі час моляцца жыхары Беларусі (усіх канфесій) ды іхнія сябры ў розных краінах свету.
Тыдзень 16-22 лістапада 2020 з'яўляецца асаблівым часам:
"Грэка-католікі Беларусі пачалі Перадкалядны пост, таму для нас магчымасць салідарна далучыцца 18-20 лістапада да посту і малітвы "аб спыненні жорсткасці, насілля і праліцця крыві, а таксама за ўсіх пацярпелых і іх сем’і", да чаго заклікаюць нас браты пратэстанты з евангельскіх Цэркваў - дар Хрыста, Які хоча "каб усе былі адно" (Ян 17:21) - сказаў архімандрыт Сяргей (Гаек) у час вячэрняй малітвы ў сераду 18 лістапада.
Больш таго, серада і пятніца у традыцыі ўсходніх Цэркваў (праваслаўнай і грэка-каталіцкай) - гэта дні посту.
Час супольнай малітвы за Беларусь 18-20 лістапада 2020 яднае хрысціянаў, а для людзей добрай волі - гэта час асэнсаваць і ўмацаваць любоў да Бацькаўшчыны.
+++
За Богам сцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ,
за стойкасць у веры, мужнасць у выпрабаваннях
і вернасць свайму народу ўсіх нас - Госпаду памолімся.
- Госпадзе, памілуй!