Пошук

Каляндар

 
панядзелак
ЛІСТАПАДА
Сёньняшняе чытаньне:

Дзень малітвы за Ліван заклікае правесці Папа 4 верасня  


Дзень малітвы за Ліван заклікае правесці Папа 4 верасняПапа Францішак заклікаў вернікаў розных рэлігійных традыцый далучыцца да Дня малітвы і посту ў інтэнцыі Лівана. Ён пройдзе ў бліжэйшую пятніцу, 4 верасня.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец нагадаў, што мінуў месяц пасля трагічных выбухаў у Бейруце, у выніку якіх загінула вялікая колькасць жыхароў Лівана.

Ён выказаў словы падтрымкі ліванцам таксама ў сувязі з нестабільнасцю і глыбокім унутраным крызісам, які перажывае краіна.

Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў не пакідаць Ліван самотным перад абліччам праблем, нагадаўшы, што гэтая краіна заўсёды была знакам надзеі, месцам талерантнасці і мірнага суіснавання, унікальным для свайго рэгіёну.

«Заклікаю ўсіх ліванцаў не пераставаць спадзявацца і знаходзіць сілы і энергію, неабходныя для таго, каб распачаць усё нанова. Прашу палітыкаў і рэлігійных лідараў са шчырасцю і дальнабачнасцю працаваць на карысць адбудовы, ахвяруючы прыватнымі інтарэсамі, скіроўваючы погляд на агульнае дабро і будучыню краіны», — сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 2 верасня.

Пантыфік заклікаў міжнародную супольнасць дапамагчы Лівану выйсці з крызісу.

Ён заахвоціў мясцовае духавенства спрыяць згодзе, культуры сустрэчы, міру і братэрства, падтрымліваць вернікаў і ўвесь народ у імкненні станавіцца галоўнымі дзеючымі асобамі новага адраджэння.

Абвяшчаючы адмысловы Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі Лівана, Папа Францішак заклікаў далучыцца да малітоўнай ініцыятывы таксама прадстаўнікоў розных канфесій і рэлігій.

Паводле: Vatican News

2.09.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier