Ісус Хрыстос прыходзіць як Слова любові Бога да кожнага чалавека
Каляднае відэа-віншаванне Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі
Хрыстос нарадзіўся - славім Яго!
Свята Раства Хрыстовага - свята Нараджэння Госпада нашага Ісуса Хрыста. У гэты час асабліва актуальнымі ёсць словы з Евангелля паводле св. Яна: "Слова сталася целам і пасялілася між намі" (Ян 1:14).
Ушаноўваем нараджэнне Ісуса Хрыста, які прыходзіць да нас як Спрадвечнае Слова Бога.Слова любові Бога да кожнага чалавека;Слова праўды, якое прасвятляе кожнага чалавека. Мы ўсе закліканыя да жыцця ў праўдзе і свабодзе дзяцец Божых, мы ўсе закліканыя да жыцця ў веры, надзеі і любові - любові да Бога, да чалавека, да роднай Царквы, да нашай Бацькаўшчыны - Беларусі, куды Слова Божае на роднай мове прыйшло больш за 500 год таму (1517).
- У гэты святочны час ўспамінаем раз яшчэ вялікі подзвіг веры Францішка Скарыны. - Узгадваем нашых вялікіх духовых настаўнікаў, якія вучылі нас любові да Бацькаўшчыны. Узгадайма хаця б трох: -- грэка-каталіцкага Біскупа Чэслава Сіповіча - 105 год нараджэння якога толькі што адзначылі 8 снежня;-- Экзарха беларускіх грэка-католікаў Антона Неманцэвіча - 80 год прызначэння якога (1940) будзем адзначаць, -- а. Уладзіслава Чарняўскага (+22.12.2001) - які ў савецкі час меў адвагу перакладаць на беларускую мовы Святое Пісанне.
Мы - беларускя грэка-католікі ў гэтым годзе, які заканчваецца, адзначылі 30 год ад моманту, калі моладзь Мінска і іншых гарадоў - у 1989 годзе - у Барунах, перад Барунскай Іконай Багародзіцы пачала маліцца на роднай беларускай мове.
Свята Раства Хрыстовага - свята Святой Сям'і і свята кожнай сям'і.
Нашыя святочныя пажаданні: каб у беларускіх сем'ях бацькі вучылі дзяцей любові да Бога, да кожнага чалавека, да Царквы, да Бацькаўшчыны, да роднай мовы.
Хай Госпад, які нарадзіўся ў Віфлееме - блаславіць наш подзвіг веры, надзеі, любові!
Хай блаславіць Ён усіх католікаў розных абрадаў, хай блаславіць усіх хрысціянаў і ўсіх людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне!
+Архім. Сяргей (Гаек)
Апостальскі візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы