70-годдзе Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі
24 кастрычніка 2017 г. Беларуская каталіцкая місія візантыйскага абраду ў Вялікабрытаніі святкавала 70-годдзе заснавання.Урачыстая Боская Літургія была адпраўлена ў новым храме св. Кірылы Тураўскага і ўсіх святых заступнікаў Беларускага Народа ў Лондане.
Узначаліў Боскую Літургію пачэсны госць Яго Блаславенства Святаслаў, Першаіерарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, які знаходзіцца з пастырскім візітам у Вялікабрытаніі. Саслужылі Боскую Літургію а. Сяргей Стасевіч - настаяцель лонданскага беларускага храма і а. Андрэй Буйніч з Ліды.
Пасля багаслужэння Патрыярх Святаслаў наведаў Бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны. Сустрэча з парафіянамі адбылася ў цёплай, братэрскай атмасферы.
Гэта быў першы візіт украінскага Патрыярха да беларусаў у Лондане, пасля гістарычнага візіту яго папярэдніка (Патрыярха Язэпа Сліпога) вясной 1970 года.
    
а. Андрэй Буйніч
|