У чацвер, 13 ліпеня, у трэці дзень XXIII пілігрымкі, пілігрымы маліліся ў Санктуарыі Маці Божай Фацімскай ў Шуміліне.
Боскую Літургію ўзначаліў архімандрыт Сяргей (Гаек), які ўзгадаў, што ў той самы дзень удзельнікі беларускай пілігрымкі, якую ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, моляцца ў Фаціме.
На пачатку Боскай Літургіі Архімандрыт Сяргей блаславіў падраснікі і апрануў у царкоўную вопратку двух кандыдатаў у духоўную семінарыю: Арцёма Калугіна з Віцебска і Ціграна-Мікалая Латышава з Мінска.
Паводле візантыйскага календара ў гэты дзень прыпадае таксама свята (Сабор) арханёла Гаўрыіла, таму ўдзельнікі пілігрымкі Віцебск-Полацк маліліся асабліва за Апостальскага Нунцыя, які носіць імя Гаўрыіл (вянг. Габор), і за ягонае служэнне ў Беларусі.



У адказ Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр даслаў пілігрымам свае віншаванні і Апостальскае Блаславенне:
"Дастойны Архімандрыт Сяргей,
Шчыра дзякую за ўсю інфармацыю, якою Вы ласкава дзяліліся са мною ў гэтыя дні праз электронную пошту, а асабліва за малітву ў маім намеры падчас XXIII-й Грэка-каталіцкай Пілігрымкі Віцебск-Полацк.
З радасцю вітаю ўсіх пілігрымаў, якія прыбылі ў Шуміліна, і далучаючыся да малітвы, прашу для вас Папскага Блаславення:
Няхай Беззаганная Дзева Марыя і Арханёл Гаўрыіл заўсёды чуваюць над нашым народам.
Ахвотна дасылаю блаславенне ўсім вернікам, якія прымуць удзел у заключным святкаванні Пілігрымкі, 16 ліпеня ў Полацку:
выдатны прыклад святога Язафата і мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага няхай умацоўваюць нашу веру ў Госпада
і даюць нам мужнасць перад тварам выклікаў будучыні".
+Габар Пінтэр
Апостальскі Нунцый у РБ
Фота Аляксандра Маламы