Пошук

Каляндар

 
чацьвер
КРАСАВІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Беларускія грэка-католікі ўзгадваюць мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага  


Беларускія грэка-католікі ўзгадваюць мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага5-га лютага 2017 г. споўнілася 380 год ад смерці мітрапаліта Уніяцкай Царквы Уладыкі Язэпа Вельяміна Руцкага. З гэтай нагоды ў мінулыя дні ў грэка-каталіцкіх парафіях у Беларусі ў малітве ўзгадана мітрапаліта Язэпа і ягоныя высілкі ўмацавання Уніяцкай Царквы.

2-га лютага 2017 г. Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек) наведаў некаторыя месціны звязаныя з служэннем мітрапаліта Язэпа а ўвечары адслужыў у Лідзе Боскую Літургію падзякі за ягонае жыццё і служэнне.

 

З удзячнасцю Богу ўзгадваем мітрапаліта Язэпа Руцкага ды ягоную рэформу, у рамках якой 400 год таму (у 1617 г.) ён рэарганізаваў манахаў базыльянаў ды даверыў ім арганізацыю школьніцтва паводле еўрапейскіх хрысціянскіх стандартаў. Пачынаючы ад мітрапаліта Язэпа Уніяцкая Царква на землях Беларусі прынесла свой каштоўны ўнёсак у сферу адукацыі” – сказаў архімандрыт.

 

Малітоўныя успаміны мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага пройдуць у гарадах звязаных з ягонай дзейнасцю: 11 лютага ў Вільні ды 12-га лютага ў Празе.

 

***

Ян Вельямін Руцкі нарадзіўся ў 1574 г. у шляхецкай сям'і ў родавым маёнтку Рута Навагрудскага ваяводства (цяпер гэта в. Дольная Рута Карэліцкага раёна). Бацькі будучага мітрапаліта былі кальвіністамі, але свайго сына ахрысцілі ў праваслаўнай царкве. Пасля смерці бацькі (каля 1590 г.) Ян накіраваўся ў Чэхію, дзе пачаў вучобу ў Пражскім універсітэце. Пражскі ўніверсітэт у тыя часы знаходзіўся пад моцным уплывам гусітаў, аднак, нягледзячы на гэта, Ян Руцкі збліжаецца з католікамі і пад уплывам езуітаў далучаецца да Каталіцкай Царквы. З Прагі Ян Руцкі едзе ў Германію, дзе за тры гады сканчвае Вюрцбургскі ўніверсітэт. У гэты час праз Вюрцбург з Рыму ў ВКЛ вяртаўся пракуратар езуіцкіх правінцый Рэчы Паспалітай айцец Бокса, які параіў Яну ехаць у Рым. Там Ян быў залічаны ў Грэцкую калегію. Скончыўшы Грэцкую калегію Ян Руцкі (каля 1601 г.) вярнуўся з Рыма ў Вільню.

Уніяцкі мітрапаліт Іпаці Пацей, пасля смерці рэктара віленскай уніяцкай семінарыі, прызначыў на гэтую пасаду Яна Руцкага. Прабыўшы на чале віленскай семінарыі каля 4 гадоў Ян Руцкі ў 1606 г. пакідае яе.

 

6 верасня 1607 г. Ян Руцкі распачаў навіцыят у Свята-Траецкім манастыры, а 1 студзеня 1608 г. – прыняў манаскі пострыг з іменем Язэпа. У тым жа годзе ён атрымаў спачатку дыяканскія, а потым і святарскія пасвячэнні. Малады адукаваны ераманах займаўся выхаваннем моладзі, што праходзіла навіцыят у Свята-Траецкім манастыры: выкладаў навіцыям свецкія і духоўныя навукі, але перш за ўсё вучыў іх сваім уласным прыкладам падзвіжніцкага жыцця.

16 лістапада 1611 г. кароль Жыгімонт III прызначыў Язэпа Вельяміна Руцкага каад’ютарам мітрапаліта. У той час мітрапаліт Іпаці Пацей быў ужо невылечна хворым, таму Язэп Руцкі фактычна становіцца кіраўніком Уніяцкай Царквы. У чэрвені 1612 г. мітрапаліт Іпаці высвяціў Язэпа Руцкага на галіцкага біскупа, а кароль Жыгімонт III з гэтай нагоды перадаў яму ва ўладанне старажытны Лаўрышаўскі манастыр (зараз гэта праваслаўны Свята-Елісееўскі мужчынскі манастыр у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці).

Уладыка Язэп Руцкі няўхільна імкнуўся да ўмацавання Уніяцкай Царквы. Разам з Язафатам Кунцэвічам ён пераканаў слонімскага шляхціча Р. Трызну заснаваць манастыр у Быцені, які, з цягам часу, стаў адным з буйнейшых манастыроў на беларускіх землях. Каля 1613 г. намаганнямі Язэпа Руцкага і Язафата Кунцэвіча быў заснаваны манастыр у Жыровічах. У 1613 г. Язэп Руцкі дамогся перадачы уніятам Успенскага манастыра ў Мінску.

29 ліпеня 1613 г. памёр мітрапаліт Іпаці Пацей. Новым кіеўскім мітрапалітам стаў Язэп Вельямін Руцкі. Як мітрапаліт, Уладыкая Язэп Руцкі пастаянна наведваў уніяцкія епархіі, парафіі і цэрквы. На ключавыя пасады ён вылучаў таленавітых, неардынарных асоб, якія прынеслі вялікую карысць Уніяцкай Царкве.

 

Галоўная спадчына мітрапаліта Язэпа Руцкага – гэта ордэн базыльянаў, фактычна “створаны ім” на беларускіх і ўкраінскіх землях. Мітрапаліт Язэп глыбока вывучыў вопыт заснавання і росквіту манаскіх брацтваў, багаслоўскія трактаты прысвечаныя манаскаму жыццю і склаў склаў падрабязны статут ордэна базыльянаў –“Правілы манаскага жыцця”. Базыльянская духоўнасць аб’ядноўвала традыцыі ўсходняга манаства з практыкай манаскага жыцця на Захадзе. У аснову статута ордэна былі пакладзены правілы св. Васіля Вялікага.

У 1617 г. была заснавана Наваградская кангрэгацыя уніяцкіх манастыроў. Менавіта з гэтай падзеяй прынята звязваць арганізацыю базыльянскага ордэна Язэпам Руцкім. У склад ордэна ўвайшлі буйнейшыя уніяцкія манастыры – Віленскі, Новагародскі, Мінскі, Жыровіцкі, Быценскі, пазней Полацкі, Смаленскі і інш.

 

Рэформы мітрапаліта Язэпа Руцкага і яго нястомная дзейнасць садзейнічалі ўмацаванню пазіцый Уніяцкай Царквы на беларуска-украінскіх землях, выхаду яе з крызісу, прыстасаванню да новай эпохі. Пазнейшыя гісторыкі адзначалі наступнае: «Калі Міхаіл Рагоза аднавіў унію, Іпаці Пацей яе ўтрымаў, то Язэп Руцкі яе ўмацаваў, пашырыў i зрабіў сапраўднай Царквою». Аддавалі дань павагі харызматычнаму мітрапаліту і ў Рыме. Папа Урбан VIII назваў яго “Атлантам Уніі, Афанасіем Русі”. А Папа Рыгор XV адзначаў яго “стойкасць пабожнасці і светлы розум, які прысвяціў сябе і ўсе свае сілы змаганням за годнасць каталіцкай рэлігіі”.

У 1937 г. Львоўскі грэка-каталіцкі мітрапаліт Андрэй Шэптыцкі аб’явіў аб пачатку працэсу беатыфікацыі Язэпа Вельяміна Руцкага.


6.02.2017

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier