Пошук

Каляндар

 

Папскі пасланнік на ўрачыстасці ў Будславе — кардынал Крыстаф Шонбарн OP — прыбыў у Мінск  


Папскі пасланнік на ўрачыстасці ў Будславе — кардынал Крыстаф Шонбарн OP — прыбыў у Мінск30 чэрвеня вечарам у міжнародным аэрапорце «Мінск-2» прызямліўся самалёт, на борце якога быў арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн OP. Іерарх прызначаны Папскім пасланнікам на святкаванне 25-годдзе заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якое пройдзе ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе 1-2 ліпеня. 

У Будславе кардынал Крыстаф Шонбарн OP разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам прыме ўдзел у начной працэсіі са свечкамі, а таксама ў цэнтральнай святой Імшы 2 ліпеня, падчас якой прамовіць гамілію.

«У Юбілейны Год Міласэрнасці, падчас якога адбываецца мой візіт, маёй асноўнай місіяй з’яўляецца падзяка Божай Міласэрнасці, — адзначыў кардынал у каментарыі Catholic.by. — Касцёл на беларускай зямлі зведаў шмат трагічных падзей, але Божая Міласэрнасць дапамагла многім людзям захаваць сваю веру і скарыстасць яе, так бы мовіць, у выглядзе стартавага капіталу для новага часу і новага грамадства».  

«Я цешуся з таго, што магу пазнаёміцца з краінай, у якую  прыбываю ўпершыню. Перадусім я буду рады пазнаёміцца з жывым Касцёлам у Беларусі — Касцёлам, які шмат цярпеў, а цяпер жыве ў адноснай свабодзе веры. І для мяне, як святара з Аўстрыі, безумоўна, гэтае знаёмства будзе жывым сведчаннем веры», — адзначыў аўстрыйскі іерарх.

У праграме прабывання кардынала Шонбарна ў Беларусі акрамя ўдзелу ў будслаўскіх урачыстасцях — сустрэчы з каталіцкімі і праваслаўнымі іерархамі, прадстаўнікамі ўлады, наведванне месца памяці нацысцкіх ахвяраў у Трасцянцы і інш. 

Іерарх з’яўляецца старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Аўстрыі, а таксама уваходзіць у якасці ганаровага члена ў шэраг Кангрэгацый і Папскіх радаў у Ватыкане. Кардынал Шонбарн быў адным з удзельнікаў Сіноду Біскупаў на тэму сям’і, а ў красавіку 2016 года яму была даручана місія прэзентаваць Апостальскую адгартацыю Папы Францішка «Amoris Laetitia» (Радасць любові) па выніках Сіноду.

Поўнае імя кардынала гучыць як Крыстаф Марыё Міхаэль Хуга Дам’ян Петэр Адальберт Шонбарн. Ён паходзіць з аўстравенгерскай графскай сям’і. Валодае шасцю мовамі. З’яўляецца айцом-дамініканінам.
Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага, Catholic.by


1.07.2016

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier