Пошук

Каляндар

 

Апостальская Пэнітэнцыярыя праводзіць форум аб міласэрнасці  


Апостальская Пэнітэнцыярыя праводзіць форум аб міласэрнасціАпостальская Пэнітэнцыярыя праводзіць канферэнцыю, прысвечаную буле папы Францішка “Misericordiae Vultus”, якой быў абвешчаны Год Міласэрнасці. Двухдзённы форум пачаўся ў Рыме 31 сакавіка 2016 г. У першую чаргу, ён адрасаваны святарам, законнікам і законніцам, навучэнцам тэалагічных факультэтаў, душпастырскім супрацоўнікам і свецкім вернікам, якія прымаюць актыўны удзел у парафіяльным жыцці, сказаў Ватыканскаму радыё кс. Кшыштаф Ныкель, рэгент Пэнітэнцыярыі.

 

Падчас канферэнцыі падкрэслівалася, што міласэрнасць “гэта рака, якая спрадвеку і няспынна арашае ўсё поле Касцёла, а праз яго, увесь свет”. Галоўнае пасланне булы ў тым, што міласэрнасць – гэта сэрца Евангелля. Менавіта таму Касцёл павінен несці яе людзям, нагадаў святар.

 

У праграме форуму прадугледжаны выступленні выкладчыкаў папскіх універсітэтаў, журналістаў, вернікаў. Адкрыў форум кардынал Маўра Пьячэнца, кіраўнік Апостальскай Пэнітэнцыярыі.

Кс. Ныкель заўважыў, што міласэрнасць – гэта цэнтральная тэма пантыфікату папы Францішка, які не стамляецца паўтараць свету, што Бог – гэта Айцец, багаты міласэрнасцю, шчаслівы тым, што прабачае кожнае сваё дзіцё, якое навяртаецца да Яго з сэрцам поўным жалю і пакоры. “Божая міласэрнасць – гэта фундамент усёй душпастырскай дзейнасці папы Францішка, якая выражаецца канкрэтным чынам у яго незлічоных жэстах і бацькоўскай любові да апошніх, бедных, пакутуючых і маргіналізаваных, якія жывуць на экзістэнцыяльных перыферыях свету”, - сказаў прадстаўнік Пэнітэнцыярыі.

 

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё


31.03.2016

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier