Пошук

Каляндар

 

Завяршэньне штогадовай XIV Пілігрымкі Віцебск-Полацак  


Завяршэньне штогадовай XIV Пілігрымкі Віцебск-Полацак
У нядзелю, 13 ліпеня, завяршылася XIV штогадовая Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў з Віцебска ў Полацк, якая праходзіла пад дэвізам: “Любоў Хрыста заахвочвае нас” (Кар. 5, 14). Сёлета яе заканчэньне супала са сьвятам Полацкай Барысаглебскай абіцелі манахаў-студытаў.

Сьвяточную Боскую Літургію ля храму сьв. Параскевы ў Полацку ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек ў саслужэньні сьвятароў з розных парафіяў БГКЦ, у тым ліку настаяцеля манастыра сьвв. Барыса і Глеба ераманаха Лявонція (Тумоўскага) і новага протапрэзьбітэра Усходняга дэканату айца Зьміцера Грышана.

У сьвяце ўдзельнічалі госьці з Расеі, Украіны, Польшчы, Бельгіі, Францыі.

Да ўдзельнікаў сьвяткаваньняў накіраваў сваё Слова Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Марцін Відавіч, які між іншым зазначыў:
“У час вашай пілігрымкі і вашых разважаньняў вы хацелі, каб вашая любоў ператварылася ў малітву не толькі за саміх сябе і за вашую царкоўную Супольнасьць, рассеяную па усіх частках гэтай прыгожай Краіны, але ў малітву за ўсю Каталіцкую Царкву, якой кіруе Наступнік сьвятога Пятра ды за ўсіх жыхароў узьлюбленай Беларусі”.

Сьпеў Боскай Літургіі выканаў міжпарафіяльны маладзёвы хор “Прасфара”.

У казаньні Архімандрыт Сяргей зьвярнуў увагу, што гэтае агульнацаркоўнае сьвяткаваньне праходзіць у душпастырскім годзе, у якім Каталіцкая Царква ў Беларусі візантыйскага і лацінскага абрадаў перажывае пад дэвізам: “Слова Божае – крыніца надзеі”.

Слова Божае заклікае хрысьціянаў усіх канфесіяў несьці сучаснаму сьвету сьведчаньне праўдзівага жыцця ў Хрысьце.Такое сьведчаньне далі ў свой час сьвв. Барыс і Глеб – патроны Полацкай манаскай абіцелі, а таксама нашыя сучаснікі – ахвяры нямецкага нацысцкага генацыду жыхароў Беларусі – Экзарх беларускіх грэка-католікаў а. Антон Неманцэвіч (+ 6.01.1943) і Блаславёная Мар’яна Бернацкая (+ 13.07.1943), 65 год ад часу пакутніцкае сьмерці якіх адзначаецца ў гэтым годзе.

Завяршэньне штогадовай XIV Пілігрымкі Віцебск-Полацак

Завяршэньне штогадовай XIV Пілігрымкі Віцебск-Полацак

13.07.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier