Пошук

Каляндар

 
панядзелак
КАСТРЫЧНІКА

Пасланьне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі на завяршэньне XIV штогадовай Пілігрымкі грэка-католікаў  


Пасланьне
Найдастойнага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі
на завяршэньне XIV штогадовай Пілігрымкі грэка-католікаў
Полацк, 13 ліпеня 2008 г.


Дастойны Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі!
Пачэсныя Сьвятары, Манахі, Манахіні!
Дарагія Браты і Сёстры!

1. Любоў Хрыста заахвочвае мяне, каб на завяршэньне вашай штогадовай Пілігрымкі з гораду Віцебск у горад Полацк зьвярнуцца да вас і каб клікаць на усіх багацьце «ласкі і супакою ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста» (пар. Рым 1,7)
Тая ж самая любоў Хрыста заахвочвала ў гэтыя дні таксама кожнага з вас, каб з вераю, надзеяй і любоўю працягваць шлях евангельскага сьведчаньня ўздоўж дарог узьлюбленай Беларускай Зямлі ды каб разважаць над дзеяньнем Бога, які «хоча збавіць усіх людзей і давесьці іх да пазнаньня праўды» (1 Цім 2,4). З гэтай прычыны як дэвіз вашай пілігрымкі ў гэтым годзе і як тэму вашых разважаньняў падчас дарогі вы выбралі словы Апостала народаў – сьвятога Паўла, якія ён напісаў да хрысьціянскай супольнасьці Карынта «Любоў Хрыста заахвочвае нас» – «Caritas Christi urget nos»” (2 Кар 5,14).
Заахвочвае нас любоў Хрыста, які ўзлюбіўшы сваіх да канца іх узлюбіў (пар. Ян 13,1).

2. У час вашай пілігрымкі і вашых разважаньняў вы хацелі, каб вашая любоў ператварылася ў малітву ня толькі за саміх сябе і за вашую царкоўную Супольнасьць, рассеяную па усіх частках гэтай прыгожай Краіны, але ў малітву за ўсю Каталіцкую Царкву, якой кіруе Наступнік сьвятога Пятра ды за ўсіх жыхароў узьлюблёнай Беларусі. Сапраўды, любоў Хрыста заахвочвае нас у кожны момант нашага існаваньня і, такім чынам, таксама сёньня, сабраныя ля царквы сьвятой Параскевы ў старажытным горадзе Полацку, вы моліцеся паводле словаў Літургіі сьвятога Яна Залатавуснага:
- за супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых,
- за супакой на усім сьвеце, добры стан сьвятых Божых Цэркваў і зьяднаньне усіх

(літанія «мірная»)

Далучаюся да гэтай вашай малітвы ды разам з вамі, карыстаючыся словамі, якімі завяршаецца Боская Літургія, дадаю:
Госпадзе, які бласлаўляеш тых, што бласлаўляюць Цябе,
і асьвячаеш тых, што ўскладаюць на Цябе надзею,
збаў людзей Тваіх і блаславі набытак Твой;
захавай у цэласьці Царкву Тваю.

(заамбонная малітва)


3. Калі сёньня служыце Боскую Літургію, уся вашая царкоўная Супольнасьць пачэснай і вялікай візантыйскай традыцыі, у поўнай сімфоніі з даручэньнем, які Хрыстос даў Апосталам перад узьнясеньнем на неба, жыве і выяўляе глыбокае і шчырае жаданьне кожнага хрысьціянскага сэрца: быць у сьвеце нястомнымі сьведкамі Ісуса Хрыста ў моцы Духа Сьвятога (пар. Дз 1,8).
Гэта хацеў нагадаць вам таксама Найдастойны Кардынал Тарчызіо Бэртонэ, Дзяржаўны Сакратар Яго Сьвятасьці, калі амаль месяц таму, 19-га чэрвеня, сказаў вам: «Вы зьяўляецеся спадкаемцамі старажытнай традыцыі? літургічнай і кананічнай, якая мае поўную годнасьць у сьвятой Божай Царкве». Гэта ёсьць спадчына, якая забавязвае, і ад кожнага ды ад усёй царкоўнай Супольнасьці вымагае адказу на любоў Хрыста.

4. Калі пішу гэтых некалькі радкоў, запэўніваю малітоўную блізкасьць і Блаславеньне Сьвятога Айца Бенядыкта XVI кожнаму з вас ды вашай царкоўнай Супольнасьці.
Адначасова складаю вам сьведчаньне маёй братэрскай любові і кожнага з вас сэрдэчна вітаю ў Хрысьце Ісусе, нашай надзеі (1 Цім 1,1), даручаючы вас «Богу ды слову ласкі Яго, якое мае магутнасьць збудаваць ды даць спадчыну з усімі сьвятымі» (Дз 20,32).
Няхай кожны з вас зможа даць гатовы ды поўны адказ на любоў Хрыста, што заахвочвае нас.

Мінск, 13 ліпеня 2008 г.

+Марцін
Тытулярны Архібіскуп Ніна
Апостальскі Нунцый у Беларусі

13.07.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier