Пошук

Каляндар

 

“Мужна працягваць малітву аб добрых пладах сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла – праз заступніцтва Апосталаў Славянаў Кірыла і Мятода”  


“Мужна працягваць малітву аб добрых пладах сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла – праз заступніцтва Апосталаў Славянаў Кірыла і Мятода”1. У пятніцу, 12 лютага 2016 г., у Міжнародным аэрапорце ў Гаване (Куба) прайшла двухгадзінная сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, якая стала першай у гісторыі сустрэчай Папы Рымскага і Маскоўскага Патрыярха.

 

Як вядома, на працягу мінулых дзесяцігоддзяў (ад ІІ-га Ватыканскага Сабору), Рымскія папы шмат разоў сустракаліся з патрыярхамі памесных праваслаўных Цэркваў. На гэты шлях хрысціянскага братэрства ўвайшоў у Гаване і Маскоўскі Патрыярхат Рускай Праваслаўнай Царквы. (Варта нагадаць, што ў мінулым першаіерарх Рускай (Кіеўскай) Царквы – мітрапаліт Ісідар, які меў прызначаную рэзідэнцыю ў Маскве, сустракаўся з першаіерархам Рымскай Царквы – папам Яўгенам IV у 1438–1439 гг. у Ферары, дзе пачаўся Ферара-Фларэнтыйскі Сабор - XVII Усяленскі).

 

Вынікам сустрэчы ў Гаване стала падпісанне сумеснай Дэкларацыі. Беларускія грэка-католікі далучаюцца да словаў Дэкларацыі «Прыносім падзяку славімаму ў Тройцы Богу за гэтую сустрэчу» (1).

Абдымкі Папы Францішка і Патрыярха Кірыла – гэта каштоўны знак сапраўднага братэрства ў Хрысце.

 

2. Вялікая ўвага падчас Сустрэчы ўдзялялася драматычнай сітуацыі хрысціян на Блізкім Усходзе, а таксама ў іншых рэгіёнах. У прыватнасці, у 26 пункце Дэкларацыі гаворыцца пра становішча хрысціян ва Украіне.

Хрысціяне на Блізкім Усходзе маюць права на агульнахрысціянскую салідарнасць і дапамогу.

Усе жыхары Украіны маюць права на справядлівы мір і пашанаванне інтэгральнасці іхняй Бацькаўшчыны.

 

3. Грэка-каталіцкія душпастыры і вернікі ў Беларусі з асаблівай увагай прачытваюць пункт 25 Дэкрацыі, дзе запісана:

«Спадзяёмся, што наша сустрэча зробіць уклад у прымірэнне там, дзе існуюць непаразуменні паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі. Сёння відавочна, што метад "уніятызму" былых стагоддзяў, які разумеўся як прыяднанне адной супольнасці да іншай, адрываючы яе ад сваёй Царквы, не з'яўляецца спосабам да аднаўлення адзінства.

У той жа час, царкоўныя супольнасці, якія з'явіліся ў выніку гістарычных акалічнасцяў, маюць права існаваць і рабіць усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў, імкнучыся да міру з суседзямі. Праваслаўныя і грэка-католікі маюць патрэбу ў прымірэнні і знаходжанні прымальных формаў узаемнага суіснавання».

 

На самой справе гэта адаптаваны тэкст Дэкларацыі з Баламанд у Ліване, (прынятай 23 чэрвеня 1993 г. Міжнароднай камісіяй для багаслоўскага дыялогу Каталіцкай Царквы і Праваслаўнай Царквы), які быў “візіраваны” прадстаўніком (святаром) Маскоўскага Патрыярхата, але які не быў прыняты іерархамі Рускай Праваслаўнай Царквы.

Праз подпісы першаіерархаў Папы Францішка і Патрыярха Кірыла тэкст Дэкларыцыі з Гаваны атрымлівае найвышэйшае значэнне.

 

Беларускія грэка-каталіцкія душпастыры моляцца аб магчымасці атрымаць – згодна з тэкстам Дэкларацыі - «усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў» ды гатовыя ў прымірэнні шукаць прымальных формаў узаемнага суіснавання з праваслаўнымі братамі і сёстрамі – на славу Божую і для дабра супольнай Бацькаўшчыны.

 

«Хочам надалей мужна працягваць малітву аб добрых пладах сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла – праз заступніцтва супольных святых – Апосталаў Славянаў Кірыла і Мятода ды пад іхняй апекай дзейнічаць не як супернікі а браты» – сказаў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) на багаслоўска-душпастырскім семінары, прысвячаным ушанаванню Роўнаапостальных Кірыла і Мятода, што прайшоў у Мінску ў суботу, 13 лютага 2016 г.

 

Прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі (а. Яўген Усошын)


15.02.2016

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier