
Пошук адзінства паміж хрысціянамі застаецца прыярытэтам Каталіцкага Касцёла і адным з штодзённых клопатаў папы Францішка. У гэтым прызнаўся сам Пантыфік у пасланні, якое асабіста ўручыў удзельнікам пленарнага пасяджэння Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству падчас аўдыенцыі ў Ватыкане 20 лістапада 2014 г. Сёлетняя сустрэча членаў дыкастэрыі праходзіць пад знакам святакавання 50-годдзя Дэкрэта пра экуменізм ІІ Ватыканскага Сабору “Unitatis Redintegratio”.
У сваім звароце Святы Айцец адзначыў, што за апошнія паўстагоддзі быў дасягнуты значны прагрэс у справе экуменізму: амаль зніклі варожасць і абыякавасць, існуючыя раней паміж хрысціянскімі канфесіямі, і, наадварот, пашыраецца супрацоўніцтва паміж імі. Тым не менш, падзелы працягваюць існаваць, як і рознагалосіі адносна новых антрапалагічных і этычных пытанняў.
Перад абліччам гэтых праблем, Папа заклікаў працягваць давяраць Богу і ісці шляхам да адзінства, умацоваючы духоўны экуменізм, падтрымліваючы ініцыятывы, якія могуць напоўніць Касцёл “кіслародам сапраўднага экуменічнага духа”, спрыяючы таму, каб “экуменізм крыві” пераўтвараўся ва ўсё большае братэрства паміж хрысціянамі.