Пошук

Каляндар

 

Папа Францішак просіць Апостальскага Нунцыя благаславіць моладзь Беларусі  


Папа Францішак просіць Апостальскага Нунцыя благаславіць моладзь Беларусі25 верасня ў Апостальскім Палацы Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Пантыфік прадэманстраваў глыбокае веданне ролі Беларусі ў працэсе аднаўлення міру ва Украіне і выказаў перакананне, што асаблівая роля хрысціян — быць міратворцамі, таму што любоў мацнейшая за любыя этнічныя падзелы і палітычныя рознагалоссі.

Папа з энтузіязмам прыняў да ведама, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі застаецца жывой і актыўнай супольнасцю, і дакладней затрымаўся на важных сёлетніх падзеях жыцця беларускіх католікаў. Пантыфік таксама падкрэсліў, што і надалей Святы Пасад будзе намагацца дзейнічаць на карысць беларускага народа, і выказаў надзею на тое, што атмасфера дыялогу і ўзаемапаразумення паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь будзе ўмацоўвацца, дазваляючы знайсці пазітыўнае рашэнне некаторых адкладзеных пытанняў.

Папа Францішак просіць Апостальскага Нунцыя благаславіць моладзь БеларусіПапа Францішак просіць Апостальскага Нунцыя благаславіць моладзь БеларусіАпостальскі Нунцый перадаў Папу Францішку некалькі пілігрымскіх футболак — падарунак беларускай каталіцкай моладзі, якая сёлета пілігрымавала ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай. З жывой зацікаўленасцю Пантыфік азнаёміўся са здымкамі і пасланнем, якое скіравалі Святому Айцу маладыя беларускія пілігрымы.

Папа выказаў надзею на тое, што маладыя беларусы, незалежна ад веравызнання і перакананняў, адчуваюць сябе пратаганістамі будучыні, людзьмі неабыякавымі да супольнага дабра сваёй краіны і ўсяго чалавецтва.

Напрыканцы Пантыфік запэўніў, што моліцца за моладзь Беларусі і ўвесь беларускі народ.

Паводле Catholic.by

25.09.2014

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier