
З нагоды ўрачыстага адкрыцця новай грэка-каталіцкай епархіі св. Васілія ў Бухарэсце (Румынская Грэка-Каталіцкая Царква) і інтранізацыі яе першага епіскапа – Уладыкі Міхала (Фрацыле) – прэфект Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў, кардынал Леанарда Сандры здзейсніў трохдзённы візіт у Румынію, з 29 па 31 жніўня 2014 г.
Ва ўрачыстасцях адкрыцця новай епархіі ў Бухарэсце прынялі ўдзел таксама прадстаўнікі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў з Венгрыі, Грэцыі і Украіны. Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі направіў Уладыцы Міхалу віншаванні як знак духовай сулучнасці.
Кардынал Леанарда Сандры сустрэўся таксама з прадстаўнікамі мясцовых дзяржаўных і рэлігійных уладаў, у першую чаргу з Патрыярхам Румынскай Праваслаўнай Царквы Данілам, якому пераказаў прывітанне Святога Айца Францішка і пажаданне працягваць шлях дыялога і братэрскага супрацоўніцтва.
Яшчэ перад пачаткам візіту, кардынала Леанарда Сандры прыняў на аўдыенцыі Папа Францішак, які даручыў яму “пераказаць усім епіскапам, святарам і вернікам апостальскае блаславенне і пажаданне, заўсёды сведчыць аб радасці Евангелля”.
[i][/i]