“Будзьце мужнымі! Адвагі!” - гэта словы, якія святы Папа Ян Павел ІІ накіраваў 7 студзеня 2005 г. да беларускіх грэка-католікаў; яны сталі дэвізам пілігрымкі ў гэтым годзе.




У шлях пілігрымкі выйшла амаль 50 асобаў рознага ўзросту, улічваючы малую групу “велапілігрымкі”, якую на роварах узначальваюць а. Антон Нікалаеў (рэдэмптарыст) ды а. Пахом Кавалёў (студыт) з Мінску.
Пілігрымка пачалася ў сераду раніцай, 9 ліпеня 2014 г., Малебнам у грэка-каталіцкім храме ў Віцебску. Малітва, якую ўзначалілі а. Андрэй Буйніч з Ліды ды а. Зміцер Чарнель (рэдэмптарыст) з Маладзечна, працягвалася на вуліцах Віцебска.
Па вуліцам Віцебска, да першага прыпынку пры крыжах, што стаяць пры выездзе з Віцебска, суправаджаў пілігрымаў Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей (Гаек). Там жа ён перадаў удзельнікам ХХ грэка-каталіцкай пілігрымкі пажаданні ды блаславенне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі Архібіскупа Клаўдзія (Гуджэроцці).
У гэты дзень мэтай пілігрымкі было Шуміліна, дзе ў рыма-каталіцкім храме Маці Божай Фацімскай була адслужаная Боская Літургія, як падзяка Богу за дар веры Беларускага народу.
На шляху пілігрымкі ў гэты першы дзень духоўную канферэнцыю (настаўленне) на тэму “Адвага веры” правёў а. Зміцер Чарнель.
Фото Андрэя Гайдукевіча