Сустрэча для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў ІвацэвічахУ грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах 1 чэрвеня 2013 г., з нагоды Міжнароднага Дня Дзіцяці, прайшла асаблівая сустрэча.
Вернікі парафіі сустракалі сваіх даўніх сяброў – людзей з абмежаванымі магчымасцямі з мясцовага тэрытарыяльнага цэнтру, а таксама іх бацькоў і педагогаў.


Сустрэча распачалася з духоўных разважанняў у парафіяльнай капліцы. З нагоды Нядзелі Усіх Святых Беларускага Народу, якая ў гэтым годзе ў грэка-католікаў адзначалася 2 чэрвеня, удзельнікі сустрэчы разважалі над тым, што такое святасць і як яна можа праяўляцца ў нашым жыцці. Рэцэпт святасці, які знайшлі госці сумесна з валанцёрамі Руху св. Мікалая, не быў вельмі складаны: слухацца сваіх бацькоў і педагогаў і дапамагаць ім, сумленна выконваць свае штодзённыя абавязкі, маліцца за іншых…
Скончыліся духоўныя разважанні малітвай, калі кожны з удзельнікаў, без выключэння, дзякаваў Богу за ўсе, што мае ў сваім жыцці і прасіў здароўя і падтрымкі для сябе і родных. Іх словы былі ўражваючымі. Людзі, якія маюць шмат фізічных абмежаванняў і хваробаў, часта жывучы ў сур’ёзнай беднасці, проста і шчыра казалі Богу: “Дзякуй за ўсё, што маем”.
Пасля малітвы адбылася забаўляльная частка, разам з сумесным прыгатаваннем абеду на вогнішчы. Цікава, што цэлы гэты дзень у Івацэвічах ішоў дождж і нават град. Але калі ўсе пачалі выходзіць на вуліцу для забаваў, ён перастаў і зноў распачаўся толькі пасля таго, як усе павярнуліся ў парафіяльны будынак на абед.
Усё ў руках Божых!а. Аляксандр Шыбека