
У выніку інцыдэнту памяшканне беларускай грэка-каталіцкай царквы, што месціцца ў брытанскай сталіцы, атрымала значныя пашкоджанні.
Сёння ўночы абвалілася значная частка столі ў памяшканні царквы. Хутчэй за ўсё, гэта стала вынікам будаўнічых работ, што адбываюцца па суседству: уладальнік суседняга дому вырашыў яго знесці.


Перакрыцці будынку, пабудаванага на пачатку мінулага стагоддзя, відавочна не перанеслі “зрухаў”, якія адбываліся літаральна праз сцяну.
На шчасце, абвал адбыўся ўночы, і ніхто не пацярпеў – хаця толькі ўранку ў нядзелю у царкве прайшла служба для мясцовых беларускіх вернікаў.
Беларускія службы ў Лондане працягнуцца ў невялічкай каплічцы ў Marian House – яшчэ адным будынку беларускай грэка-каталіцкай місіі, які месціцца праз дарогу ад пашкоджанага дома. А неўзабаве тут мусіць з’явіцца асобная беларуская царква, праект якой ужо гатовы і чакае свайго ўвасаблення.