Пошук

Каляндар

 

“Вялікдзень – доказ усеабдымнай Божай любові да людзкога роду”  


“Вялікдзень – доказ усеабдымнай  Божай любові да людзкога роду”Велікодны зварот Апостальскага Візітатара для Беларсаў Замежжа
мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана


Першыя крокі папы Францішка выклікалі шмат камэнтараў у сусьветнай прэсе.
Не абышлося і без крытыкі, асабліва з боку некаторых царкоўных дастойнікаў, якім ня вельмі быў даспадобы ягоны сьціплы спосаб жыцьця, а таксама ягоная любоў бедных, якая не сканчаецца толькі словамі, і ў якой некаторыя хацелі бачыць паказуху.

А між іншым папа ня зрабіў і ня робіць нічога, чаго не рабіў Той, чыім намесьнікам на зямлі ён зьяўляецца, і які сказаў: “Лісы маюць норы, птушкі нябесныя – гнёзды свае, а Сын Чалавечы ня мае, дзе б галаву прытуліць” (Лк 9:58).
Ягоная асоба і навучаньне не супадалі з уяўленьнем чаканага Збаўцы сярод тых, якія ўважалі сябе духоўнымі праваднікамі і настаўнікамі свайго народу.
Сапраўды, “Прыйшоў да сваіх, і свае Яго не пазналі”(Ян 1:11); і ня толькі не пазналі, але адкінулі і ўзьненавідзелі, і сталі прычынаю Ягонай крыжовай сьмерці.
І ў гэтым вялікая трагэдыя абранага народу.

Але магіла і сьмерць не маглі ўтрымаць Таго, хто сказаў пра сябе “Я - уваскрасеньне і жыцьцё” (Ян 11:25).
Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос устаў з мёртвых на трэці дзень, абнавіўшы сваім устаньнем увесь сусьвет і даючы нам дарогу да вечнага і непрамінальнага жыцьця з Богам.

Вялікдзень – доказ усеабдымнай Божай любові да людзкога роду, любові несумяшчальнай з ніякімі праявамі злосьці ці нянавісьці да каго-колечы.
Узгадаем малітву Хрыста за тых, што яго ўкрыжавалі:
“Ойча, прабач ім, бо яны ня ведаюць, што чыняць”(Лк 23:34).
Гэтыя словы даюць нам шмат да роздуму.

Пра гэта гаворыцца і ў песьні, якую сьпяваем падчас Велікоднай службы:

“Уваскрасеньня дзень!
Прасьветлімся ўрачыстасьцю і адзін аднаго абдымем;
cкажам ‘Браты’ і тым, што ненавідзяць нас,
прабачыўшы ўсё дзеля ўваскрасеньня;
і ўсклікнем вось так:
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў,
і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў”.


Вялікдзень 2013
а. Аляксандар Надсан

30.03.2013

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier