Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > “Вялікдзень – доказ усеабдымнай Божай любові да людзкога роду”
“Вялікдзень – доказ усеабдымнай Божай любові да людзкога роду”30.03.2013. |
|
мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана Першыя крокі папы Францішка выклікалі шмат камэнтараў у сусьветнай прэсе. Не абышлося і без крытыкі, асабліва з боку некаторых царкоўных дастойнікаў, якім ня вельмі быў даспадобы ягоны сьціплы спосаб жыцьця, а таксама ягоная любоў бедных, якая не сканчаецца толькі словамі, і ў якой некаторыя хацелі бачыць паказуху. А між іншым папа ня зрабіў і ня робіць нічога, чаго не рабіў Той, чыім намесьнікам на зямлі ён зьяўляецца, і які сказаў: “Лісы маюць норы, птушкі нябесныя – гнёзды свае, а Сын Чалавечы ня мае, дзе б галаву прытуліць” (Лк 9:58). Ягоная асоба і навучаньне не супадалі з уяўленьнем чаканага Збаўцы сярод тых, якія ўважалі сябе духоўнымі праваднікамі і настаўнікамі свайго народу. Сапраўды, “Прыйшоў да сваіх, і свае Яго не пазналі”(Ян 1:11); і ня толькі не пазналі, але адкінулі і ўзьненавідзелі, і сталі прычынаю Ягонай крыжовай сьмерці. І ў гэтым вялікая трагэдыя абранага народу. Але магіла і сьмерць не маглі ўтрымаць Таго, хто сказаў пра сябе “Я - уваскрасеньне і жыцьцё” (Ян 11:25). Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос устаў з мёртвых на трэці дзень, абнавіўшы сваім устаньнем увесь сусьвет і даючы нам дарогу да вечнага і непрамінальнага жыцьця з Богам. Вялікдзень – доказ усеабдымнай Божай любові да людзкога роду, любові несумяшчальнай з ніякімі праявамі злосьці ці нянавісьці да каго-колечы. Узгадаем малітву Хрыста за тых, што яго ўкрыжавалі: “Ойча, прабач ім, бо яны ня ведаюць, што чыняць”(Лк 23:34). Гэтыя словы даюць нам шмат да роздуму. Пра гэта гаворыцца і ў песьні, якую сьпяваем падчас Велікоднай службы: “Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю і адзін аднаго абдымем; cкажам ‘Браты’ і тым, што ненавідзяць нас, прабачыўшы ўсё дзеля ўваскрасеньня; і ўсклікнем вось так: Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў”. Вялікдзень 2013 а. Аляксандар Надсан Вярнуцца назад |