“Вы павінны адчуваць блізкасць Папы і ўсёй Царквы” У нядзелю, 3-га лютага Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцці наведаў супольнасць грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Гасподняга ў Віцебску. Прадстаўнік Святога Айца сустрэўся з вернікамі, узначаліў Літургію Слова і звярнуўся да прысутных з гаміліяй.
Вітаючы Архібіскупа, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек падкрэсліў, што візіт Уладыкі Нунцыя ў Віцебску — вельмі важная падзея для вернікаў Грэка-каталіцкай Царквы, бо ў гэтым годзе адзначаецца 390-годдзе мучаніцкай смерці св. Язафата (Кунцэвіча).


У гаміліі, звяртаючыся да ўдзельнікаў набажэнства, Апостальскі Нунцый прызнаўся, што для яго вялікая радасць праз гэтую сустрэчу зрабіць магчымай для вернікаў прысутнасць Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Арцыбіскуп дадаў, што Папа вельмі цэніць існаванне грэка-католікаў на беларускіх землях і вельмі ўдзячны ім за захаванне традыцыі сваёй Царквы.
«Ваша супольнасць павінна адчуваць, што з’яўляецца часткай Паўсюднай Царквы. Вы павінны адчуваць блізкасць Святога Айца і ўсёй Царквы. Вы павінны адчуваць моц Духа Святога, які заўсёды будзе дадаваць вам сілы, каб рабіць новыя крокі, будзе вас умацоўваць і кіраваць вамі», — такія словы звярнуў Апостальскі Нунцый да беларускіх грэка-католікаў.
Тэкст і фота Кс. Юрый Марціновіч, Catholic.by