
28 студзеня 2013 года ў варшаўскай архікатэдры св. Яна Хрысціцеля адбылося набажэнства пахавання кардынала Юзафа Глемпа, Прымаса Польшчы на пенсіі. У пахавальнай цырымоніі прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін маліўся пры труне спачылага Прымаса 26 студзеня падчас Імшы ў Варшаве.
Пахавальную Імшу ўзначаліў кардынал Станіслаў Дзівіш, гамілію прамовіў Прымас Польшчы арцыбіскуп Юзаф Кавальчык.
У набажэнстве ўдзельнічаў увесь епіскапат Польшчы. Прадстаўніком Апостальскай Сталіцы на пахавальных набажэнствах быў кардынал Станіслаў Рылка. Таксама ў цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, у тым ліку Прэзідэнт Польшчы, маршалы сейма і сената, прадстаўнікі розных арганізацый і інстытутаў. Пасля святой Імшы цела спачылага іерарха было змешчана ў крыпце арцыбіскупаў Варшавы.
Памерлы кардынал Юзаф Глемп пры жыцці паспрыяў адраджэнню Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
«У тыя часы кардынал стаў у абарону беларускіх католікаў, тлумачачы ўладам, што Касцёл у Беларусі павінен мець бачныя касцёльныя структуры, магчымасць навучання сваіх святароў, а таксама рэлігійную свабоду», — узгадвае Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Паводле словаў іерарха, кардынал Глемп зрабіў першы крок у накірунку адраджэння Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі былога СССР, «падтрымліваў нас духоўнай апекай і садзейнічаў фінансавай падтрымцы нашага Касцёла».
Падзяліўся сваімі ўспамінамі пра спачылага кардынала Глемпа і біскуп Уладзіслаў Блін:
«Ён адзін з першых прыехаў да нас у Беларусь у 1988 годзе і нібыта ўваскрасіў Каталіцкі Касцёл на гэтых тэрыторыях. Ён любіў нас, дапамагаў, каб Касцёл у Беларусі адрадзіўся і жыў. Кардынал Глемп быў ініцыятарам заснавання Супольнасці Дапамогі Касцёлу на Усходзе. Ад Касцёла ў Польшчы мы атрымалі дзве важныя рэчы: вялікую малітву за навяртанне Усходу і ўласна тую матэрыяльную дапамогу, якой мы карыстаемся і сёння», — зазначыў іерарх.
Кс. Юрый Марціновіч, Catholic.by