Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Каталіцкія ерархі Беларусі прынялі ўдзел у пахаванні кардынала Юзэфа Глемпа
Каталіцкія ерархі Беларусі прынялі ўдзел у пахаванні кардынала Юзэфа Глемпа29.01.2013. |
|
Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін маліўся пры труне спачылага Прымаса 26 студзеня падчас Імшы ў Варшаве. Пахавальную Імшу ўзначаліў кардынал Станіслаў Дзівіш, гамілію прамовіў Прымас Польшчы арцыбіскуп Юзаф Кавальчык. У набажэнстве ўдзельнічаў увесь епіскапат Польшчы. Прадстаўніком Апостальскай Сталіцы на пахавальных набажэнствах быў кардынал Станіслаў Рылка. Таксама ў цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, у тым ліку Прэзідэнт Польшчы, маршалы сейма і сената, прадстаўнікі розных арганізацый і інстытутаў. Пасля святой Імшы цела спачылага іерарха было змешчана ў крыпце арцыбіскупаў Варшавы. Памерлы кардынал Юзаф Глемп пры жыцці паспрыяў адраджэнню Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. «У тыя часы кардынал стаў у абарону беларускіх католікаў, тлумачачы ўладам, што Касцёл у Беларусі павінен мець бачныя касцёльныя структуры, магчымасць навучання сваіх святароў, а таксама рэлігійную свабоду», — узгадвае Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Паводле словаў іерарха, кардынал Глемп зрабіў першы крок у накірунку адраджэння Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі былога СССР, «падтрымліваў нас духоўнай апекай і садзейнічаў фінансавай падтрымцы нашага Касцёла». Падзяліўся сваімі ўспамінамі пра спачылага кардынала Глемпа і біскуп Уладзіслаў Блін: «Ён адзін з першых прыехаў да нас у Беларусь у 1988 годзе і нібыта ўваскрасіў Каталіцкі Касцёл на гэтых тэрыторыях. Ён любіў нас, дапамагаў, каб Касцёл у Беларусі адрадзіўся і жыў. Кардынал Глемп быў ініцыятарам заснавання Супольнасці Дапамогі Касцёлу на Усходзе. Ад Касцёла ў Польшчы мы атрымалі дзве важныя рэчы: вялікую малітву за навяртанне Усходу і ўласна тую матэрыяльную дапамогу, якой мы карыстаемся і сёння», — зазначыў іерарх. Кс. Юрый Марціновіч, Catholic.by Вярнуцца назад |