Чацвёрты дзень XVIII грэка-каталіцкай пілігрымкіУ суботу, 14 ліпеня, пілігрымы выходзяць з Гаранаў у Полацк. На іх шляху – Струнне.
Там яны затрымліваюцца на малітву каля крыжа, што стаіць на месцы разбуранай рэзідэнцыі ўніяцкіх мітрапалітаў.
Шлях пілігрымкі заканчваецца ў Полацку, малітвай у грэка-каталіцкай царкве св. Параскевы Полацкай.
У нядзелю, 15 ліпеня, у той жа царкве св. Параскевы Полацкай, у 10:30 Архімандрыт Сяргей узначаліць святочную Боскую Літургію. Гэта будзе асаблівы дзень малітвы за горад Полацк, які ў гэтым годзе святкуе свой юбілей.
***
Субота, 14 ліпеня 2012 г.
Евангелізаваць азначае абвяшчаць Хрыста словамі і ўчынкамі, гэта значыць быць знакам Ягонай прысутнасці і дзеяння ў свеце. Гэтае сведчанне часта патрабуе мужнасці ў абароне праўды.
Свет, на самай справе, не надта змяніўся ад часоў Хрыста: як тады людзі не хацелі чуць закліку змяніць сваё жыццё, адмовіцца ад звычак і падыходаў, якія аддаляюць чалавека ад ягонага сапраўднага паклікання, ад таго, чым ён пакліканы быць, так і цяпер свет не хоча чуць “нязручную” праўду Евангелля. Бог праз сваё Слова вучыць вернасці, у тым ліку і сужэнскай, любові, нават да ворагаў, веры і надзеі на Бога, асабліва калі чалавек думае, што ён цалкам самадастатковы. Нямала трэба адвагі, каб назваць белае белым, а чорнае чорным.
Асабістая сустрэча з сапраўдным Богам, які не толькі задавальняе нашыя жаданні, але таксама выпрабоўвае, шукае нас, які не хоча, каб мы мелі толькі крышкі, але прагне даць нам усю сваю любоў, прымушае нас, хрысціянаў, рабіць гэты крок насустрач гэтай вымоглівай любові Бога і сведчыць пра яе іншым.
З іншага боку, чалавек і ягонае жыццё – гэта таямніца, вельмі часта поўная драматызму і супярэчнасцяў паміж “тым, не раблю таго, чаго хачу, але тое, што ненавіджу, раблю” (Рым 7.15);
паміж жаданнем трымаць усё пад кантролем і ўсведамленнем сваёй слабасці і залежнасці ад Бога;
паміж вялікім жаданнем любіць і быць любімымі і імкненнем закрыцца ў сабе, баючыся быць параненымі;
паміж патрэбай развівацца і страхам прайсці праз крызы, каб сапраўды ўзрастаць…
Чалавеку наканавана шукаць выйсця і яно існуе: гэта дарога любові, ужо паказаная нам Хрыстом, дарога новага нараджэння.
Яна пачынаецца з навяртання, г. зн. з сустрэчы з праўдай пра сябе і пра сваё існаванне, якая дазваляе звярнуцца да свайго сэрца, якое з’яўляецца месцам сустрэчы з Богам, з Ягонай міласэрнасцю, Які прымае і збаўляе нас цалкам, з усімі нашымі слабасцямі і страхамі.
Нам жа застаецца стаць у пакоры перад таямніцай адносінаў Бога і чалавека і дазволіць дзейнічаць Святому Духу, каб разам з апосталам Паўлам, які перажыў паразу ў сваёй барацьбе (пар. 2 Кар 11,12), магчы “хваліцца сваімі немачамі, каб абжылася ўва мне моц Хрыстова, […] бо калі я слабы, тады я дужы” (2 Кар 12:9-10).
Схіманахінія Вікторыя (Чэкан)