Першы дзень XVIII грэка-каталіцкай пілігрымкіСерада, 11 ліпеня 2012 г.
Дзень пачаўся Малебнам у грэка-каталіцкай капліцы Уваскрасення Хрыстовага ў Віцебску.
Значная частка пілігрымаў (паломнікаў) прыехала начнымі цягнікамі з розных мясцінаў Беларусі і адразу ўключылася ў праграму Пілігрымкі.
Малебен узначаліў кіраўнік Пілігрымкі протапрэзбітар Усходняга Дэканата БГКЦ а. Зміцер Грышан.
Пасля Малебна паломнікі вырушылі ў чатырохдзённы шлях: Шуміліна – Обаль – Гараны – Полацак.
У гэты дзень паломнікі разважалі над тэмай
“Евангелізаваць – азначае жыць слухаючы голас Ісуса Хрыста”. Гэтая тэма з’яўляецца і запрашэннем, каб увесь шлях Пілігрымкі выкарыстаць як асаблівы час “слухання Ісуса Хрыста”.

Увечар паломнікі дайшлі да Шуміліна, дзе ў рыма-каталіцкай капліцы Маці Божай Фацімскай і св. Язафата іх гасцінна прынялі Айцы Місіянеры Аблаты Беззаганнай Дзевы Марыі і мясцовыя парафіяне.
Боскую Літургію ўзначаліў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек).
У кароткім пастырскім слове Архімандрыт падзякаваў паломнікам, што захацелі ўзяць на сябе няпросты подзвіг Пілігрымкі і асаблівай малітвай суправаджаць евангелізацыйны шлях усёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.