Пошук
Нядзельнае казаньне
|
субота
ЛІСТАПАДА |
«Шукайце найперш Божага Валадарства»
- Паважаны а. Андрэй, 11 ліпеня гэтага году з Віцебска ў Полацак вырушыць вось ужо 18-я грэка-каталіцкая пілігрымка. Для чалавека 18 год – гэта ўзрост паўналецця. Ці можна тое ж самае сказаць пра пілігрымку? Якой ступені развіцця, так бы мовіць, дасягнула гэта душпастырская ініцыятыва? - Васемнадцаць год назад гэтая пілігрымка пачыналася з малой групы энтузіястаў. Гэта быў час, калі грэка-каталіцкія парафіі змаглі аднавіць адкрытую душпастырскую дзейнасць. Сёння ў пілігрымцы ўдзельнічае некалькі дзесяткаў, а часамі і болей асобаў. Мяркую, што нашая грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск-Полацак ужо даўно ўвайшла ў спіс царкоўных падзеяў, без якіх цяжка ўявіць сучасную Каталіцкую Царкву абедзьвюх традыцыяў (абрадаў) на Беларусі. Канешне, гэту пілігрымку арганізоўвае Беларуская Грэка-каталіцкая Царква, але не толькі грэка-католікі прымаюць у ёй удзел. Асаблівая атмасфера сяброўства, засяроджанасці ды малітвы прываблівае ў нашае паломніцтва людзей самых розных веравызнанняў, светапоглядаў і нацыянальнасцяў. Без сумневу, тое, што іх аб'ядноўвае – гэта пошук сяброў, пошук сваёй дарогі ў жыцці, пошук Бога. Мы ўдзячныя ўладам, якія традыцыйна дапамагаюць нам у арганізацыі пілігрымкі, у тым ліку ў арганізацыі руху праз горад, забяспячэннем машынай хуткай дапамогі. Бяручы пад увагу ўсё вышэй згаданае, думаю, што нашая пілігрымка сапраўды дасягнула сваеасаблівага «паўналецця». Больш таго, я не памылюся, калі скажу, што менавіта гэтая пілігрымка з'яўляецца ўнікальнай з'явай у Каталіцкай Царкве на Беларусі. Яна чымсьці адрозніваецца ад іншых паломніцтваў, якія арганізоўваюцца ў Царкве... - Вядома, што паломніцтвам Віцебск-Полацак пілігрымы ўшаноўваюць памяць св. Язафата Кунцэвіча (які загінуў мучаніцкай смерцю ў Віцебску 12 лістапада 1623 г.) ды пакутнікаў манахаў-базылянаў, забітых у полацкай Сафіі (11 ліпеня 1705 г.) расійскім царом Пятром І. Аднак, таксама вядома, што кожная пілігрымка ўзнімае пэўную асобную тэму, якую прапануецца разважыць удзельнікам ды ўсім людзям добрай волі. Якая тэма будзе ў гэтым годзе? - Сапраўды, памяць святамучаніка Язафата ды полацкіх пакутнікаў базылянаў захоўваецца ў нашай пілігрымцы. Постаць святога Язафата – гэта постаць волата веры, якая натхняла, натхняе ды будзе натхняць шматлікіх людзей ў Беларусі і па-за яе межамі. Архібіскуп полацкі Язафат атаясамлівае сабой памкненне шматлікіх людзей да паўсюднай еднасці, універсалізма ды святасці. Шкада, што знаходзяцца невукі ды нядобразычліўцы, якія ставяць пад сумнеў ягоны гераізм, называючы белае - чорным, а чорнае – белым. Зрэшты ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо таксама і Ісус выклікаў у людзей розныя рэакцыі. Што тычыцца полацкіх пакутнікаў, то я пісаў пра іх сёе-тое на сваім блогу, таму тут не буду на іх спыняцца, але запрашаю ўсіх жадаючых пацікавіцца адпаведным матэрыялам на сайце. Далей, адказваючы на Вашае пытанне пра адмысловую тэму сёлетнай пілігрымкі, хачу сказаць, што яна адбудзецца пад дэвізам «Евангелізацыя – пакліканне сям'і». Гэта на самай справе тэма душпастырскай праграмы Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы на гэты год. І мы будзем яе разважаць у кантэксце нядаўнай VII Сусветнай Сустрэчы Сем’яў з Папам Бенядыктам XVI у Мілане (30 траўня – 3 чэрвеня 2012 г.) . Евангелізацыя – гэтае слова ўжо даўно заняло месца ў слоўніку вялікай часткі беларускай моладзі. Евангелізаваць – гэта несці добрую навіну пра тое, што Бог адкрывае нам сябе ў сваім Сыне, Ісусе Хрысце, Які памёр за грахі кожнага з нас і ўваскрос. Канешне, кожны хрысціянін пакліканы да таго, каб несці добрую вестку пра Божую Любоў іншым людзям словам ды сваім прыкладам, але сям'я – гэта супольнасць, якая ў асаблівы спосаб да гэтага паклікана. Таксама, як сям'я з'яўляецца асноўнай адзінкай грамадства, гэтак жа яна з'яўляецца цаглінай у будоўлі Царквы. Цяжка ўявіць сабе будоўлю без цэглы. Таму падчас гэтай пілігрымкі мы, асабліва сем'і, якіх, я спадзяюся, будзе не мала, пастараемся асэнсаваць нашае пакліканне быць вястунамі добрай навіны для іншых людзей. На практыцы гэтыя намаганні будуць вылівацца ў асабістую і супольную малітву, ды працу ў малых групах падчас адпачынку. - А ці ідуць звычайна ў пілігрымцы сем'ямі? Таксама Вы ўзгадалі, што ў ёй прымаюць удзел госці з замежжа, цікава б было даведацца адкуль? - Вядома, што так! Я ведаю адну сям'ю, якія амаль кожны год ідзе ў пілігрымцы. Адзін год жонка з гэтай сям'і ішла цяжарная, на другі год яны ўжо везлі нованароджанае дзіця. Хачу запэўніць, што гэта не адзіны прыклад. Хачу таксама падкрэсліць, што заўсёды ўдзельнічаць у паломніцтве бяспечна. Бяспечна, бо і машына хуткай дапамогі суправаджае нас у апошнія гады, і калі хто праз мазалі, ці проста так стоміцца, што не можа ісці, то ёсць заўсёды магчымасць пад'ехаць на машыне, якая падвозіць нам ваду, на наступнае месца прыпынку. Што датычыць замежных гасцей, то разам з намі ішлі пілігрымы з Украіны, Расіі, Польшчы, Латвіі, Бельгіі. Хачу запэўніць, што яны атрымалі наймацнейшыя пазітыўныя ўражанні ад пілігрымкі і ад Беларусі ўвогуле. Некаторыя з іх ізноў вяртаюцца на Беларусь, каб чарговы раз прайсці 110 км ад Віцебска ў Полацак. Гэта шмат пра што сведчыць, між іншым пра тое, што гэты, на першы погляд «паход», таямнічым чынам дае нейкі ўнікальны вопыт, да якога чалавек прагне вярнуцца. - Перыядычна ў СМІ з'яўляюцца пэўныя матэрыялы, у якіх аўтары робяць закіды ў бок ідэі самой Уніі, ды Ўніяцкай Царквы. Ці БГКЦ нейкім чынам аспрэчвае гэтыя інсінуацыі? - Ведаеце, апраўдваецца той, хто адчувае сябе вінаватым. У нашым выпадку мы не адчуваем за сабою ніякай віны, што ў Беларусі - еўрапейскай краіне, у гісторыю якой упісалася Ўніяцкая Царква, мы сёння хочам быць хрысціянамі ўсходняй традыцыі ў еднасці з Папам Рымскім. І гэтае права нам гарантуе закон Рэспублікі Беларусь. Там, дзе магчыма весці канструктыўны дыялог, цывілізаваную тэалагічную дыскусію, мы вядзем дыялог ды абгрунтоўваем нашыя багаслоўскія пазіцыі. Там, дзе гэта немагчыма, там, дзе нас проста паліваюць брудам, – мы захоўваем маўчанне і молімся. Мяркую, што пілігрымка Віцебск-Полацак найлепш гаворыць пра нашую сутнасць. Той, хто хоць раз удзельнічаў у гэтым паломніцтве, сам можа засведчыць, што ўніяты – гэта тыя, якія імкнуцца да міра, згоды, сяброўства, адкрытых ды шчырых адносінаў з іншымі людзьмі. Мы самі намагаемся быць вернымі хрысціянамі і сумленнымі грамадзянамі, ды жадаем іншым даць свой добры прыклад. Каб атрымаць уяўленне пра нашую пілігрымку, можна таксама праглядзець відэаролік змешчаны на сэрвісе Youtube, або праз мой блог. - Айцец Андрэй, на канец інтэрв'ю, ці маглі б вы пажадаць нешта чытачам сайта? - Канешне. Сябры, я шчыра жадаю ўсім вам, як гаворыць Святое Пісанне, шукаць найперш Божага Валадарства і праўды яго, а ўсё іншае будзе вам даданае. Размаўляў Зміцер Ятчэня |
|
10.07.2012
|






Сёньняшняе чытаньне:
