Пошук

Каляндар

 

Свята гарадзенскай парафіі Маці Божай Фацімскай  


Свята гарадзенскай парафіі Маці Божай ФацімскайУ нядзелю 13 траўня 2012 г. сваё свята адсвяткавала гарадзенская парафія Маці Божай Фацімскай.

Святкаванне адбывалася ў кантэксце ўспаміну 70-годдзя мучаніцкага подзвігу экзарха Антона Неманцэвіча і яго паствы.

Як адзначыў на пачатку ўрачыстай Літургіі душпастыр парафіі а. Андрэй Крот „асоба экзарха Антона асабліва блізкая для вернікаў гарадзенскай парафіі, бо Альбярцін і Слонім, дзе адбывалася яго служэнне знаходзяцца на тэрыторыі сучаснай Гарадзенскай вобласці”.

Урачыстую Літургію ўзначаліў протапрасвітар Цэнтральна-Заходняга протапрасвітарату БГКЦ а. Яўген Усошын. У сваім казанні ён прадставіў экзарха Антона як чалавека, які палаў агнём любові да Бога і стаў узорам хрысціянскага подзвігу.

Важным знакам царкоўнай еднасці стаў для вернікаў гарадзенскай парафіі дар, прывезены айцом Яўгенам – новы антымінс, асвячаны сакратаром Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў уладыкам Кірылам (Васілём). Гэты антымінс, як адзначыў а. Андрэй Крот, еднасць гарадзенскіх вернікаў з Паўсюднай Царквой у гістарычным і геаграфічным вымярэнні. У гістарычным – бо ўтрымлівае часцінку мошчаў святых, у геаграфічным – бо асвячаны адным з супрацоўнікаў Святога Айца.

14.05.2012

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier