Пошук

Каляндар

 

Сумеснае ўшанаванне Іконы Маці Божай Вастрабрамскай  


Сумеснае ўшанаванне Іконы Маці Божай Вастрабрамскай16 лістапада - гэта дзень ушанавання Iконы Маці Божай Вастрабрамскай, што ў Вільні. Гэты цудадзейны Абраз Маці Божай з Вострай Брамы яшчэ называюць Маці Міласэрнасці.

На землях даўняй Віленшчыны Яе ікона знаходзіцца ў шматлікіх храмах, як каталіцкіх, так і праваслаўных, а таксама ў дамах вернікаў. Маці Міласэрнасці ўшаноўваецца ўсімі хрысціянамі як заступніца Беларусі і Літвы.

Паводле даўняй традыцыі, і сёлета шматлікія пілігрымы з розных краін адправіліся на святкаванне ў Вільню. З’яднаныя малітвай да Нябеснаj Маці, праслаўлялі Яе і шматлікія вернікі з Беларусі.

З нагоды святкавання, якое ў Вільні працягваецца некалькі дзён, група беларускіх грэка-католікаў з Менску, Гародні, Івацэвічаў разам з рыма-католікамі здзейсніла ў суботу 19 лістапада 2011 г. пілігрымку ў Вільню.

Аб 11:00 гадзіне ў капліцы, перад цудадзейнай Іконай Maci Божай была адслужана Боская Літургія, якую ўзначаліў а. Андрэй Крот з Горадні.

Перад Літургіяй для пілігрымаў была арганізавана экскурсія па старой Вільні. Пілігрымы мелі магчымасць наведаць царкву Святой Тройцы (айцоў базыльянаў, дзе падзвізаўся св. Язафат), праваслаўную царкву Святога Духа (дзе ўшаноўваюцца мошчы трох віленскіх мучанікаў), рыма-каталіцкую катэдру, дзе знаходзяцца мошчы св. Казіміра, касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла, ды іншыя храмы Вільні.

Беларускія пілігрымы наведалі таксама іншыя месцы звязаныя з гісторыяй беларускай культуры.

20.11.2011

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier