Пошук

Каляндар

 
нядзеля
ЧЭРВЕНЯ
Нядзеля 3-я

Сьведчаньні пілігрымаў


Навошта пілігрымка?

У нашай пілігрымцы Віцебск – Полацак я ўжо была двойчы. Падчас спаткання ў групах у першай пілігрымцы нас пыталі пра ўражанні: што пілігрымка нам прынесла. Памятаю, я тады адчула сябе вельмі самотна, бо была адзінаю асобаю, якая нічога не змагла сказаць… Мне спатрэбіўся час, каб паглядзець на тое, што адбылася, з пэўнай адлегласці. Тады ўсё, што здавалася такім складаным, бачна як далёка не так страшнае, а застаюцца добрыя ўспаміны – і ідзецца ў наступную пілігрымку :)

Дык што ж далі мне гэтыя пілігрымкі?

Па-першае, новыя знаёмствы. У паходных умовах вельмі важна мець поруч “КВЗ”: кампанію вясёлых і знаходлівых :)

Па-другое, пілігрымка дае адчуць, чым ёсць братэрская хрысціянская любоў. Ва ўсіх складаных сітуацыях было да каго звярнуцца, а часам нават не трэба было ні аб чым казаць: дапамога прыходзіла сама.

Па-трэцяе, пілігрымка – гэта цудоўны час як на супольную малітву: Эўхарыстыю, Ружанец , – так і на асабістую рэфлексію, Споведзь або размову са святаром.
І апошняе, пілігрымка – гэта добрая магчымасць навучыцца давяраць Богу. Калі дождж лье як з вядра, ногі баляць ад мазалёў, а да прыпынку яшчэ 10 кіламетраў; калі здаецца, што яшчэ крыху і сядзеш на дарозе, бо ўжо ня маеш моцы ісці, – адзінае, што застаецца, гэта даверыцца Госпаду. І ісці ўжо не сваімі сіламі, а Яго…

Алена Arrilven Андросік



Пілігрымка – шлях да Неба


“… Госпадзе! Добра нам тут быць …” (Мц.17:4)

Усе людзі хочуць і шукаюць радасьці, любові й шчасьця. Робяць гэта па свойму, вельмі часта на шкоду сваёй душы й целу. Езьдзяць у экзатычныя куткі сьвету, глядзяць такія самыя фільмы, зьбіраюцца ў шумныя й пьяныя кампаніі, ходзяць у турыстычныя вандроўкі і.г.д. Мы шукаем свайго шчасьця па рознаму.

Адзін сапраўдны шлях да сапраўднага шчасьця – праз Госпада нашага Ісуса Хрыста. Такі шлях і прапануе прайсьці Царква Хрыстовая, праз удзел у пілігрымках. З маленства, яшчэ ў савецкія часы, у мяне было ня так шмат сьвятаў, пад час якіх узьнікала пачуцьцё радасьці. Такіх сьвятаў было напэўна два. Гэта новы год і дзень уласнага нараджэньня. Але з часам і яны не сталі прыносіць мне той радасьці ў сэрцы, якой хацелася.

Такія моманты радасьці й шчасьця, разам з рознымі цярпеньнямі, я перажываў пад час удзелу ў пілігрымцы Віцебск – Полацкак, якую праводзіць Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква (далей БГКЦ) ў гонар манахаў-базылянаў, закатаваных бязбожным расейскім царом Пятром І у Сафійскім саборы горада Полацка 11 ліпеня 1705 года.

У кожнае з пілігрымак гэта перажывалася па рознаму. Найбольшыя ўражаньні пакінула 1-я пілігрымка 8-11.07.1995-га году. Тут можна прыгадаць розныя моманты. Напрыклад сьв.Літургія 8.07.1995 году ў Віцебску, якую адпраўляў наш грэка-каталіцкі сьвятар а.Валеры Алексійчук па-беларуску! А тое, што сталася пасьля Службы Божай было для мяне ўвогуле нечаканым. Вядомы мастак сп.Алесь Пушкін перадаў бр.Паўлу Кавалёву свой абраз сьв.Язафата з адмысловым ручніком са словамі: “Няхай сьв.Язафат ідзе разам з вамі.” Цяпер гэты абраз знаходзіцца ў Полацку, у алтары царквы вялеб.Параскевы Полацкай. Адчувалася, што адбываецца нешта незвычайнае, што да нечага нас кліча Госпад. Потым былі: “Малебен за беларускі народ” ля Крыжа Памяці на Ўсьпенскае горцы.

Хада першых трох дзён, зь Віцебску да 13-й школы горада Полацка была пад ясным небам ды пад палючым ліпеньскім сонцам. У такіх умовах несьці больш за 100 км., двума рукамі на ручніку, даволі цяжкі абраз сьв.Язафата было няпроста. Несьлі даволі вялікія адлегласьці шляху, мяняючы адзін аднаго. Па галаве цёк пот, балелі шыя,сьпіна й рукі. Але, дзякуючы малітвам сьвятапакутніка Язафата й ласцы Божай, усе гэтыя ды іншыя цяжкасьці мы пераадолілі. Тут можна ўспомніць вечаровую сустрэчу зь мясцовымі жыхарамі в.Слабада, куды пілігрымы прыйшлі зь Віцебску пасьля заканчэньня 1-га этапу. На сутрэчы было шмат людзей, асабліва дзяцей. Сама сутрэча была вельмі цёплай і шчырай. Пасьля цяжкога пераходу пілігрымы сьпявалі вяскоўцам свае песьні ды распаўсюджвалі 1-ы й 2-гі нумары часопіса “Унія”. Нягледзячы на стамленьне цела, душа радавалася ад прыгажосьці сьпеваў, ад вялікае колькасьці людзей і таксама ад думкі, што робім вялікую місыйную справу.

Менавіта пад час гэтае пілігрымкі ў маёй галаве зьявілася, з Божае волі, думка аб тым, каб папрасіць сьпевака Яўгена Савельева напісаць песьню пра полацкіх пакутнікаў, якая б стала першай у іхны гонар. Ён маю прапанову прыняў. На сп.Яўгена Савельева, як удзельніка 1-й пілігрымкі Віцебск – Полацак, таксама вялікі ўплыў аказалі самі падзеі пад час яе. Ён напісаў словы й музыку. Але ў стварэньні песьні ў гонар полацкіх пакутнікаў удзельнічалі ўсе пілігрымы, бо бяз іхняга ўдзелу, бяз іхніх малітваў і ахвяраў была бы немагчымай сама пілігрымка. Такім чынам і ўзьнікла песьня “Пяцёра пакутнікаў”. Яна была напісана ў пілігрымцы й дзеля пілігрымаў. Таму пакуль будзе йснаваць Царква, пакуль будуць праводзіцца пілігрымкі БГКЦ зь Віцебска ў Полацак, датуль і будзе сьпявацца песьня пілігрымаў “Пяцёра пакутнікаў”.

Па дарозе да Полацка спыніліся ў в.Струньне, дзе нас чакаў сп.Міхась Баўтовіч. Ён распавёў і паказаў мейсца дзе знаходзілася ўніяцкая царква, а таксама рэзідэнцыя ўніяцкіх мітрапалітаў, якую заснаваў сьв.Язафат. Пасьля гэтага а.Валеры адправіў “Малебен за беларускі народ” на тым мейсцы, дзе цяпер знаходзяцца падмуркі згаданае рэзідэнцыі. Потым пайшлі далей да Полацка. Па заканчэньні 3-га этапу пілігрымкі, мястэчка Обаль – горад Полацак, спыніліся ў будынку 13-й школы. Тут, пэўна ў музычнае клясе, бо стаяла піяніна, сабраліся ўсе пілігрымы й а.Валеры на размову, а затым усе разам сьпявалі песьні сп.Яўгена ды іншыя песьні. Адчуваўся вялікі духоўны ўздым і вялікая ласка Божая, якая натхніла прысутных вялікай любоўю адзін да аднаго.

Яшчэ трэба ўспомніць аб тым, як у начы з 10 на 11 ліпеня 1995 году ў сталовай згаданае школы, частавалі вячэрай, згатаванай пілігрымамі, удзельнікаў дзіцячага хору з украінскага горада Драгобыч пад кіраўніцтвам рэгенткі сп-ні Надзеі, колькасьцю 40-50 чалавек. Яны ўдзельнічалі ў фестывалі камэрнае й рылігійнае музыцы ў Магілёве “Магутны Божа”. Сп.Яўген Савельеў прасьпяваў дзецям свае песьні, а яны ў адказ – свае. Зноў было пачуцьцё радасьці, еднасьці ды любові адзін да аднаго.

Апошнім днём 1-е пілігрымкі Віцебск – Полацак было 11 ліпеня 1995 году. У гэты дзень, пад дробным халодным дожджыкам, пілігрымы прайшлі крыжовай хадой ад будынку 13-й школы горада Полацка да капліцы сьв.Язафата, дзе а.Валеры адправіў “Акафіст да Найсьвяцейшае Багародзіцы” й “Малебен за беларускі народ”. Ля капліцы пілігрымаў сустрэлі парахвіяны з Полацку, Віцебску, Менску ды іншых гарадоў Беларусі. Сьпявалі таксама беларускія рэлігійныя песні. Затым крыжовае хадой пілігрымы й усе прысутныя накіраваліся да Сафійскага сабору. Дажджу ўжо ня было.

Ля Сафійскага сабору Апостальскі Візытатар для грэка-каталікоў на Беларусі а.Сяргей Гаек, у саслужэньні а.Валерыя Алексійчука й дыяканаў Андрэя Абламейкі ды Юрыя з Гародні, адправіў сьвяточную сьв.Літургію ў гонар 290-х угодкаў Полацкіх паукнікаў. Сьпяваў разам з намі дзіцячы хор з Драгобыча. Мы сьпявалі па-беларуску, а хор – па-украінску тыя часткі сьв.Літургіі, якія мы сьпяваць ня ўмелі. Пасьля сьв.Літургіі была казань а.Сяргея. На заканчэньне сп.Яўген Савельеў прасьпяваў песьню пілігрымаў - “Пяцёра пакутнікаў” ды іншыя свае песьні. Маё сэрца перапаўнялі тады пачуцьці спакою радасьці ды аптымізму адначасова, а таксама разуменьне вялікае значнасьці падзеі, што адбылася ля муроў сьв.Сафіі.

Падобныя пачуцьці й перажываньні былі й у наступных пілігрымках. У кожнай па свойму. Расповяд пра гэта зойме вельмі шмат мейсца й часу. З гэтае прычыны я больш падрабязна спыніўся менавіта на падзеях 1-е пілігрымкі 1995 году. А зрабіў гэта таму, што агульнымі словамі цяжка перадаць усё перажытае ў кожнае пілігрымцы.

Цяпер пэўна можна адказаць на пытаньне: “Што такое пілігрымка”. Пілігрымка – гэта, перад усім Царква, якая пілігрымуе ў гэтым сьвеце. Пад час пілігрымкі яе ўдзельнікі моляцца, сьпяваюць, спавядаюцца, прымаюць сьв.Прычасьце. Раніцай кожнага дня пілігрымкі адпраўляецца сьв.Літургія. Значыць пілігрымка – гэта Літургія, якая доўжыцца не звычайныя 1 гадзіну 20 хвілінаў – 2 гадзіны, а цэлыя чатыры дні, што дазваляе яе ўдзельнікам больш працяглы час знаходзіцца па дзеяньнем ласкі Духа Сьвятога. У звычайныя дні, ці ў нядзелі пасьля сьв.Літургіі мы трапляем у гэты сьвет, пад узьдзеяньнем якога паступова губляем тую сілу, што дадзена нам сьв.Прычасьцем на Службе Божай.

У пілігрымцы сытуацыя іншая. Пад час пілігрымкі, яе ўдзельнікі на чатыры дні адзьдзяляюць сябе ад гэтага сьвету. Такім чынам пілігрымы пасьля сьв.Літургіі застаюцца разам ў сваёй супольнасьці – Царкве, што дазваляе ня страчваць, набытую пад час Службы Божай, духоўную моц, а нават павялічваць яе. Тут магчымасьці большыя, а негатыўнае ўзьдзеяньне гэтага сьвету значна меньшае. Такія магчымасьці дае пілігрымка сваім удзельнікам.

Кожны пілігрым, як і Хрыстос, перажывае свой Крыжовы Шлях, сваю Галгофу, калі памірае ягонае эгаістычнае “я”, а таксама й Уваскрасеньне! У мяне, пад час пілігрымак, таксама былі свае цярпеньні, але былі й моманты, калі мне было вельмі добра й хацелася каб гэта ніколі не заканчвалася, калі розум і вусны прамаўлялі: “… Госпадзе! Добра нам тут быць …”. У такія моманты альбо мы ўзыходзілі на неба, альбо само неба зыходзіла да нас! Вось тады й прыходзіць разуменьне што пілігрымка, як і сьв.Літургія, дае нам магчымасьць на нейкі час ня толькі адчуць, але й пабываць у Валадарстве Божым. Такім чынам пілігрымка – гэта шлях да Неба, да Валадарства Божага! Вось аб гэтым рэальным вопыце пілігрымы й павінны сьведчыць іншым людзям!

Уладзімр Губскі, Полацак




Пилигримка. Само это понятие появилось в моей жизни достаточно неожиданно. Наверное, так и должно быть: дорога всегда появляется неожиданно. Для нас. Просто мы наконец-то выходим на тот участок, который можно пройти, видя хотя бы какую-то перспективу. Особенно это важно для профессиональных пессимистов, которые, как я, перспективу видеть не видят, но уж если прогнозируют, то непременно в самых мрачных тонах.

А в пилигримке не было мрака. Был свет. Там, впереди, куда мы всё время шли.

Однажды зимой довелось так ехать. Вечером. За солнцем, которое мучительно быстро скатывалось за горизонт. Мы тогда пытались его догнать. Не успели.
В пилигримке всё было иначе. Мы догоняли солнце. И шли с ним вместе. И солнцем этим был Бог. И с ним было тепло и даже жарко. И не только снаружи. И был дождь, живая вода, которая тоже была жизнью. Была радуга…

Пилигримка – это нечто особенное. В некотором смысле – аллюзия на нашу жизнь. Кстати, пилигримка очень явственно даёт понять, кто есть кто. Как пел Владимир Высоцкий, «если друг оказался вдруг»… Нет у нас гор, на которые можно было бы подниматься. Зато есть дороги, которые…

Дороги, которые в конечном итоге ведут туда, где сейчас находится большинство. И дороги эти – у каждого свои. Даже среди тех, кто идёт рядом.
Но всегда рядом Кто-то идёт. Как рядом с апостолами, которые шли в Эмаус. Незрим, неузнан до того момента, пока не приходит время.
Пилигримка учит и этому. Понимать, что время не принадлежит человеку, но только сам человек может использовать его во благо. Вообще – может его использовать.

Можно остаться дома и пролежать на диване весь отчетный период.

А можно встать и идти. За Богом и вместе с Ним. И вместе с теми, кто идёт туда же. С теми, кто очень быстро становится очень дорог, потому что дорогу мы преодолеваем вместе. Лощины с болотистыми речками, пригорки, с которых открывается вид на дорогу, которая только предстоит, поля, усеянные васильками и пронзительно-жёлтой сурепкой. Невозможный для городского человека воздух. И не только.

Каждый несёт в этой пилигримке своё. Это как рюкзак за плечами, где содержимое скрыто от посторонних глаз. И это содержимое тает по мере продвижения к финальному пункту нашего пути. Или, наоборот, разрастается. И что у каждого в его «рюкзаке» - радости, обиды, огорчения или что-то ещё – именно в пилигримке человек очень хорошо понимает. Разумеется, за себя. Что мы откладываем с особым тщанием в собственный «рюкзак», с которым идём по жизни. Что сохраняем в памяти и в сердце.

Пилигримка открывает нам это. Впрочем, я, конечно, говорю за себя. Мне – открыла. И вовсе не радостно оно было, это понимание. Но на зеркало, как говорится, нечего пенять. И потом, для того, чтобы идти дальше, периодически рюкзак всё-таки нужно вытряхивать, проводить определённую инвентаризацию. Иначе рано или поздно он становится неподъёмным.

Мне не хочется говорить о том, что пилигримка заставила меня иначе посмотреть на себя и на других людей. Хотя заставила.

Мне не хочется говорить о том, что она долго и мучительно учила меня принимать помощь других людей. Потому что я оказалась плохой ученицей. Но ведь я всю свою жизнь училась совсем другому. Тому, что надеяться можно только на себя. Что любая помощь со стороны должна быть непременно оплачена…
Мне не хочется говорить, что пилигримка перевернула мою жизнь. Хотя это в большой степени так.

Я вообще не знаю, что можно сказать про это.

Я только знаю, что если целью пилигримки является Полоцк, то пилигримка пройдёт впустую. Цель должна быть другая.
Впрочем, почему должна? Ведь у каждого своя цель. И своя дорога.
Просто какой-то её отрезок мы можем пройти вместе. Друг с другом. Как одно целое.
K




“Мая пілігрымка” – аб сваём досьведзе пілігрымкі распавятае Юля-Валацуга


МАЯ ПІЛІГРЫМКА


Я – і Дарога, і Праўда і Жыцце…
Ян 14,6


Што такое ПІЛІГРЫМКА для мяне?

За сваё даволі кароткае жыцьцё я паўдзельнічала ў шматлікіх пілігрымках. Нават складана дакладна падлічыць іх колькасьць (лічба знаходзіцца каля трэцяга дзесятка), або пройдзеныя кіламетры…

Я хаджу ў пілігрымкі, якія арганізовываюць грэка- і рыма-каталікі (хацелася б яшчэ адчуць і дух праваслаўнага паломніцтва). А пачалося ўсе ў 1998 годзе з пілігрымкі да Апякункі Беларусі Маці Божай Будслаўскай… І цяпер я жыць без пілігрымкі НЕ МАГУ! Проста НЕ АТРЫМОЎВАЕЦЦА.

Чаму? Цікава было самой сабе адказаць на гэтае пытаньне. Насамрэч, прычын, аказваецца, вельмі шмат. Па-першае, пілігрымка – гэта яшчэ адна магчымасьць засяродзіцца на малітве (менавіта размове з Богам); па-другое, падзякаваць Яму, Багародзіцы Марыі за атрыманныя ласкі, падарункі для сябе ці нашых блізкіх, альбо папрасіць дапамогі Усявышняга; па-трэцяе, сустрэцца са сваімі аднадумцамі.

Пілігрымка – гэта і адзін са спосабаў сьведчаньня пра Хрыста іншым; шанс адкрыцца на іншага чалавека, які ідзе з табою побач, пазнаць яго; магчымасьць паспрабаваць даць яму ўбачыць Хрыста, Яго Любоў… і самому адчуць Прысутнасьць Усемагутнага вельмі блізка побач з сабой.

У кожнай пілігрымцы ёсьць такія асобы, якія штогод бяруць удзел у ёй. Таксама яна зьбірае людзей з розных куткоў нашай роднай Беларусі і нават суседніх краінаў... Менавіта таму пілігрымка з аднаго боку, гэта магчымасьць сустрэцца ўжо са старымі знаёмымі, разам прайсьці гэты Шлях, парадавацца, пасумаваць, разам памаліцца, пасьпяваць… і нават патанчыць; з другога ж боку – гэта магчымасьць сустрэць новых сяброў!

Пілігрымка з’яўляецца таксама магчымасьцю знайсьці адказы на жыцьцевыя пытаньні, якія доўгі час трымалі цябе ў напружаньні; гэта час духоўных размоў; шанс вызначыцца – прыняць канкрэтнае рашэньне, хоць часам не такое лёгкае і простае; ці шанс проста СТАЦЬ СВАБОДНЫМ!!!

Пад час дарогі ты можаш нават недаядаць, недасыпаць, адчуваць фізічную стомленасьць, але на самой справе ПІЛІГРЫМКА ДАЕ СІЛЫ… У любым выпадку кожная ПІЛІГРЫМКА – гэта ПАДАРУНАК ад Бога, а ўжо тое, як з яго скарыстацца ці да чаго прыстасаваць – вырашае кожны самастойна

Кожны з нас ёсьць пілігрымам. Увесь час нашага пілігрымаваньня па Зямлі можна назваць ДАРОГАЙ у пошуках ПРАЎДЫ да ЖЫЦЬЦЯ вечнага, і гэта важна, бо “… што карысці чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, альбо пашкодзіць сабе?” (Лк 9,25)

Юля-Валацуга

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier