Будаўніцтва лепшага свету патрабуе штодзённых высілкаў, а не толькі ўрачыстых падзей, - заўважыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 21 верасня 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.
Францішак распавёў пра Апостальскае падарожжа ў Казахстан, якое здзейсніў 13-15 верасня, а таксама выказаў падзяку ўладам краіны, біскупам і іх супрацоўнікам за вялікую працу, якую яны зрабілі для арганізацыі візіту. Папа нагадаў, што галоўнай мэтай пілігрымкі быў удзел у VII З’ездзе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, які стаў “месцам сустрэчы і дыялогу” дзеля міру і агульначалавечага братэрства ў свеце.