Велікапосны роздум беларускага грэка-каталіцкага брата-лекара
“Хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?” Ісус адказаў:
“Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя.” Ев. Яна 9, 2-3
Працуючы лекарам, кожны дзень дакранаюся да вялікай таямніцы людскога цярпення, вялікіх пакутаў хворых, іх сем’яў і блізкіх. Дакранаюся – бо напэўна не перажываю таго самага, што і яны, але толькі па меры сваіх чалавечых здольнасцяў спачуваю і спадарожнічаю. Нярэдка фізічны боль не такі моцны як тыя ўнутраныя пакуты чалавека, пазбаўленага былых здольнасцяў, пастаўленага ў прыніжанае становішча, залежнага ад іншых у найменшых рэчах.
Шмат пытаньняў “ЧАМУ”: чаму менавіта гэты чалавек, чаму такія цярпенні, чаму нельга дапамагчы, чаму Бог гэта дапусціў?