Абвяшчэннем Божага Валадарства Езус супрацьстаіць «паказной» рэлігійнасці, якая не ўплывае на жыццё і паводзіны людзей, адзначыў Пантыфік падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» 27 верасня ў Ватыкане.Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа пракаментаваў евангельскую прыпавесць пра двух братоў, якім бацька загадаў ісці працаваць у вінаграднік. Адзін з іх імпульсіўна адказаў «не», а потым пакаяўся і пайшоў; другі адразу адказаў «так», але на самой справе не зрабіў гэтага.
«Паслухмянасць заключаецца не ў тым, каб казаць “так” ці “не”, але ў дзеяннях, у апрацаванні вінаградніку, у рэалізацыі Божага Валадарства, у добрых учынках. Гэтым простым прыкладам Езус хоча пераўзыйсці рэлігію, якая разумеецца як знешнія і прывычныя дзеянні, якая не ўплывае на жыццё і паводзіны людзей», — сказаў Святы Айцец.