
16 студзеня адзначаўся 97-ы Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў. У сваім звароце да вернікаў перад малітвай Анёл Гасподні Святы Айцец Бенядыкт XVI заклікаў маліцца за хрысціянаў, якія з розных прычынаў вымушаны былі пакінуць свае землі, шукаючы лепшых умоў жыцця. Уважлівае разважанне над гэтым досведам дазваляе станавіцца людзьмі, здольнымі жыць у братэрскіх адносінах, каб ва ўсіх сферах грамадскага, палітычнага, культурнага жыцця павялічвалася разуменне і ўзаемная павага паміж народамі і культурамі.
Папа нагадвае таксама пра замежных студэнтаў, якія набываюць веды і навыкі за межамі сваіх уласных краін. Адзначае, што яны ўтвараюць памост культурны і эканамічны паміж іх радзімай і прымаючымі іх краінамі, усё гэта вызначае рух у напрамку стварэння адзінай чалавечай сям'і .
У парафіях БГКЦ у гэтую нядзелю, 16 студзеня, вернікі маліліся за ўсіх беларусаў, якія знаходзяцца па-за межамі нашай краіны, аддаючы Божай апецы іх і таксама святароў, якія займаюцца душпастырскай працай сярод іх.
Паводле Беларускай секцыі Радыё Ватыкан