Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Нядзеля Ўсіх Сьвятых  


“Царква ёсьць супольнасьцю сьвятых”.

Чаму Ўсяленская Царква праслаўляе сваіх сьвятых? Сьвятыя зьяўляюцца ня толькі ўзорам для наследаваньня, яны ёсьць самою сутнасьцю Царквы. Бо нашая грэшнасьць, як членаў Царквы, можа заставацца толькі ў часе. У вечнасьці Царква – Цела Хрыстова – ёсьць супольнасьцю сьвятых. Вось чаму заклік да святасьці не ёсць прыгожай метафарай, святасьць – гэта неабходнасьць для кожнага чалавека.

Мы кожны дзень робім літургічны ўспамін нейкіх сьвятых. Але нездарма сьвятыя шануюцца ў асаблівы спосаб у наступную нядзелю пасля Зыходу Сьвятога Духа. Бо сьвятыя ёсьць працягам усёй Гісторыі збаўленьня, якая пачалася з грэхападзеньня. Хрыстос, Сын Божы, сваім Уваскрасеньнем аднавіў Вобраз Божы, чалавечую прыроду. Цяпер кожны чалавек можа стацца прычасьнікам Божага жыцьця праз Сьвятога Духа. Калі ў яўленай асобе Ісуса Хрыста прыхавана ягоная боская прырода, дык боская прырода Сьвятога Духа яўна праяўляецца, а Ягоная Іпастась (асоба) застаецца прыхаванай у цяперашнім сьвеце. Таму разам з “учалавечаньнем” Сына Божага Айцы Царквы кажуць пра “увасабленьне” Сьвятога Духа ў сьвятых. Сьвятыя зьяўляюцца вынікам дзеяньня Сьвятога Духа ў сьвеце. Менавіта праз іх усё стварэньне вяртаецца да Бога.

Сьвятасьць у разуменьні габрэяў азначала іншароднасьць, аддзяленьне, іншасьць. Хрыстос таксама сёньня ў Евангельлі нагадвае нам неабходную умову сьвятасьці – любіць Бога больш, чым “зямлю, дамы, жонку, дзяцей і г. д.”. Толькі тады чалавек можа вызнаць Хрыста перад людзьмі не столькі словамі, сколькі ўсім жыцьцём. І магчыма гэта толькі “ў Хрысце” (з грэцкай мовы дакладней было б перакласьці як “дзякуючы Хрысту, праз Хрыста”).

Хай усе сьвятыя сваім заступніцтвам дапамогуць нам з Божай ласкі далучыцца да іх гучнага сьпеву: “Алілуя, бо ўзяў уладу Госпад, Бог наш Усемагутны. Узрадуемся і ўсьцешымся, і аддадзім славу Яму” (Адкр. 19, 6-7). Амін!

Аўтар - а. Васіль Ягораў

29.05.2010

Copyright 2008-2025 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.