Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі СЬВЯТЫЯ — СЬВЯТЛО СЬВЕТУ  


Трох сьвяціцеляў Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Златавуснага.

У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа.
Сёньняшняе Евангельле ўжывае да трох Сьвяціцеляў, Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Златавуснага, такія выдатныя словы. Канешне аб усіх нас, але аб сьвятых асабліва, Хрыстос кажа: Вы — сьвятло сьвету. Як дзівосна гучаць гэтыя словы! Як дзіўна чуць іх ў адносінах да нас, калі мы самі часта не можам іх аднесьці да нас саміх. Але тым не менш сёньняшняе Евангельле кажа да ўсіх нас, што сьвятло прыносіць радасьць, сьвятло дае магчымасьць знайсьці свой шлях, сьвятло навучае іншых людзей і нас, якія інакш сядзелі б ў цемры.

І вось сьвятыя — і тыя, якіх мы сёньня сьвяткуем, і ўсё сьвятыя — зьяўляюцца такім сьвятлом усім нам у жыцьці. Яны нам паказваюць, што якім бы, часам, ні было б цёмным жыцьцё, як бы ні было страшна ў поцемках або ў паўцемры, сьвятло і ў цемры сьвеціць, і цемра не можа яго заглушыць, нават калі і не жадае яго прыняць. Ёсьць старажытная прыказка аб тым, што ўся цемра сусьвету няможа заглушыць самую малую сьвечку, запаленую перад абліччам Збавіцеля.

Сёньня мы сьвяткуем дзень, калі тры вялікіх Сьвяціцеля сваім богапазнаньнем, адкрыцьцём, якое яны нам далі аб Боге, аб малітве і аб жыцьці, зьзяюць незгасальным, вечным сьвятлом. Але цешыцца гледзячы на сьвятло нядастаткова. Трэба каб пралілася сьвятло ў нашыя розумы, каб загарэліся сэрцы нашыя, каб захапленьне, радасьць, глыбокая павага і любоў да Бога і людзей нас захапілі, і потым трэба ў гэтым сьвятле хадзіць, трэба ісьці праз усё жыцьцё, асьветленымі сьвятлом слова Хрыстовага, і ісьці мужна за тымі сьветачамі (сьвятымі), якія самі, ідучы за Хрыстом, прайшлі дастойна ўвесь шлях на зямлі, атрымаўшы ўзнагароду – жыцьцё вечнае ў Валадарстве Божым.

Ідучы гэтым шляхам, мы павінны для іншых быць сьвятлом. Яшчэ ў першыя гады хрысьціянскай веры, якая толькі нараджалася, апостал Павал папярэджваў, што імя Хрыстовае гоніцца з-за нягоднасьці хрысьціянаў. Калі б мы былі Хрыстовыя ў поўным сэнсе гэтага слова, калі б мы былі падобныя тым сьвятым, памяць якіх мы сёньня і ва ўсе дні сьвяткуем, людзі, якія побач з намі жывуць, глядзелі б на нас са зьдзіўленьнем — не таму што мы кажам на іншай мове, не таму, што мы паводзілі б сябе не як усе, а таму, што ва ўсёй нашай істоце было б сьвятло.

Неабходна ўзгадаць адзін евангельскі аповяд, як Збаўца Хрыстос даў зрок сьлепанароджанаму. Гэты чалавек ніколі не бачыў сьвятла, ніколі не бачыў тых прадметаў і людзей, якіх сьвятло адкрывае перад вачамі кожнага з нас. І калі адкрыліся яго вочы, першае, што ён убачыў, было Аблічча Бога, стаўшага чалавекам, і першыя вочы, углыбіню якіх ён зазірнуў, былі вочы Збавіцеля Хрыста, якія расчынілі перад ім усю спагаду, і ўвесь жаль, літасьць, любоў і ласку Божую.

Вось якімі павінны былі б сустракаць нас людзі: гледзячы на нас, бачыць, што ўсярэдзіне нас зьзяе сьвятло, ім пакуль невядомае, бачачы, як мы жывем — здзіўляцца аб тым, што на зямлі, дзе столькі няпраўды, ёсьць людзі, якія могуць жыць праўдай, што ў сьвеце, дзе так часта перамагае хлусня, ёсьць людзі, якія абвяшчаюць не толькі словам, але ўсім сваім быцьцём ісьціну аб Боге і ісьціну аб чалавеке, ісьціну, што чалавек вялікі, што чалавек сьвяты па пакліканьню, што ён годны глыбокай павагі і ўсебаковай увагі і служэньня. Хрыстос Сам кажа нам, што Ён прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, а каб паслужыць, і нас Ён паслаў у гэты сьвет з той жа самай мэтай: абнаўляць яго, быць веснікамі Валадарства Божага і вечнага жыцьця.

Дай нам Госпадзе, каб па малітвах усіх сьвятых, але перад усім сёньняшніх сьвятых Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Златавуснага асаблівым чынам, на нас спачыла сьвятло вечнасьці, каб загарэлася ў нас гэтае сьвятло незгасальна, і каб мы — кожны з нас і ўсе разам — як сьветачы, сьвяціліся ў сьвеце, прыносячы радасьць, ісьціну, праўду, любоў і новую паўнату жыцьця ўсім!

Амін.

Аўтар - а. Аляксандр Шаўцоў

30.01.2010

Copyright 2008-2025 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.