Апостал і першамучанік архідыякан Сьцяпан

Сьвяты Сьцяпан, адзін з сямі дыяканаў, з толькі што створанай супольнасьці хрысьціянаў, быў укаменаваны габрэямі, як падаюць Дзеі апосталаў (6.8-7.1-60). Паміраючы, сьвяты маліўся за сваіх забойцаў. Калі габрэі забілі Сьцяпана, Гамалііл, настаўнік сьвятога мучаніка, намовіў пабожных хрысьціянаў, каб узялі ўначы цела і пахавалі ў яго маёнтку, дзе праз некалькі гадоў спачыў і ён сам. У 415 годзе сьвятар Лукіян, які працаваў у бліжэйшай сьвятыні, па натхненьні Божым знайшоў месца пахаваньня сьвятога мучаніка і разам з біскупам Ерусалімскім Янам урачыста перанеслі пачэсныя мошчы ў Ерусалім, дзе і пахавалі ў царкве, збудаванай Еўдаксіяй, жонкай Тэадозія ІІ (408-450).