Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Навяртаньне да Бога  


У імя Айца і Сына і Святога Духа.
Сёньня мы чуем пра пачатак адкрытага служэньня Госпада нашага Ісуса Хрыста. Першымі словамі ягонай пропаведзі ёсць навяртаньне да Бога (пакаяньне). У гэтым яна не адрозьніваецца ад заклікаў Яна Хрысьціцеля і іншых месіянскіх прароцтваў. Такім чынам ня толькі паказваецца пераемнасьць Хрыстовай навукі і габрэйскай багаслоўскай традыцыі, але і сьцвярджаюцца падставовыя прынцыпы нашага хрысьціянскага жыцьця.
У наш час “не модна” гаварыць пра пакаяньне, бо яно асацыюецца з негатыўнымі эмоцыямі: плачам, сумам, пакутай; словы пра навяртаньне выдаюцца анахранізмам, якi н адпавядае сучаснаму багаслоўю. Цяпер больш разважаюць пра Божую любоў, пра дары Духа, пра перажываньне Траічнасці ў сваім жыцьці і т.п.. Пры гэтым мы забываем аб тым, што ў нягодны сасуд не наліваюць каштоўнага міра! І калі мы хочам жыць у Божай прысутнасьці, то павінны пільна і пастаянна ачышчаць сябе ад таго, што замінае нам увайсьці ў Божае Валадарства. Бо іначай яно так і застанецца толькі “блізкім”.
Сьвятаацоўская традыцыя няспынна кажа пра неабходнасьць пастаяннага навяртаньня і “плачу за свае грахі”. Немагчыма “сьцяжаць Духа Сьвятога”, калі мы добраахвотна сябруем з духам гордасьці, праціўленьня, гневу, блуду, карыслівасьці, ляноты і г.д., бо якая можа быць сулучнасьць праведнасьці з няпраўдай, сьвятла з цемрай. І калі мы не адчуваем Божага дзеяньня ў нашым жыцьці, то першае, што можа быць прычынай, гэта нашае доўгае “мірнае” сужыцьцё з грахамі. Пакаяньне ня ёсьць толькі пачаткам нашага жыцьця ў Хрысьце, але яго неад’емнай часткай.
Шчырае пакаяньне не вядзе да роспачы, бо павяртае нас зноў “тварам у твар” да Бога. І менавіта тады мы пазнаем (а не толькі чуем) Ягонае чалавекалюбства і спагаду да кожнага з нас, і гэта напаўняе нас невымоўнай радасьцю і спакоем. І мы ня толькі адчуваем набліжэньне Божага Валадарства – мы ўваходзім у Яго…
Амін.

Аўтар - Айцец Васіль Ягораў

11.01.2009

Copyright 2008-2025 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.