Кардынал Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, наведаў Ізмір і Эфес у Турцыі ў межах падрыхтоўкі да 1600-годдзя Эфескага Сабору.
У Ізміры кардынал прыняў удзел у канферэнцыі, прысвечанай ролі Панны Марыі ў армянскай хрысціянскай традыцыі. Ён прадставіў даклад пра марыйную тэалогію святога Грыгорыя Нарэкскага, якога ў 2015 годзе Папа Францішак абвясціў Доктарам Касцёла.
Канферэнцыя стала часткай дзевяцігадовай праграмы падрыхтоўкі да ўгодкаў Эфескага Сабору, які адбыўся ў 431 годзе. Сабор пацвердзіў вучэнне пра Марыю як Багародзіцу, падкрэсліўшы, што Езус Хрыстус – сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек.
Пасля канферэнцыі яе ўдзельнікі накіраваліся ў Эфес, дзе адбылася сумесная эўхарыстычная цэлебрацыя. Згодна з хрысціянскім паданнем, непадалёк ад старажытнага горада знаходзіцца дом, у якім жыла Панна Марыя. Сёння гэтае месца штогод наведваюць каля мільёна пілігрымаў.
У цэлебрацыі ўдзельнічаў апостальскі вікарый Стамбула арцыбіскуп Масімільяна Палінара. Сярод прысутных быў таксама праваслаўны мітрапаліт Ізміра Барталамеа Самарас.
Падчас візіту кардынал перадаў мясцовым вернікам і пілігрымам прывітанне Папы Льва XIV і ўдзяліў ім апостальскае благаслаўленне.
Аляксандр Панчанка – Vatican News