Леў XIV звярнуўся да біскупаў з усяго свету: сем'і маюць чаму вучыць Касцёл, а іх вопыт дапаможа знайсці новыя шляхі абвяшчэння Евангелля.
У Ватыкане 7 кастрычніка 2026 года пачалася сустрэча, якую Леў XIV склікаў праз 10 гадоў пасля публікацыі апостальскай адгартацыі "Amoris laetitia". Да яе далучыліся прадстаяцелі Усходніх Цэркваў і старшыні біскупскіх канферэнцый.
У прывітальным слове Папа падзякаваў іерархам за тое, што яны перагледзелі свае справы і змаглі прыехаць, а таксама сужэнскім парам і экспертам, якія возьмуць удзел у размовах. Ён нагадаў пра доўгі сінадальны і місійны шлях Касцёла ў пытаннях шлюбу і сям'і і падкрэсліў, што яго шлях трэба працягваць.
Святы Айцец падкрэсліў, што сямейнае жыццё непасрэдна звязана з вялікімі культурнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі і палітычнымі пытаннямі сучаснасці, у тым ліку з прасоўваннем міру паміж народамі. Ён таксама адзначыў, што "Amoris laetitia" за гэтыя 10 гадоў была прынятая ў розных культурах і душпастырскіх умовах, суправаджала канкрэтнае жыццё сем’яў і натхняла новыя ініцыятывы.
Сем’і як удзельнікі місіі Касцёла
Леў XIV звярнуў увагу на тое, што самі сем’і ўдзельнічаюць у місіі Касцёла праз штодзённае жыццё – любоў і вернасць, клопат і прабачэнне, выхаванне дзяцей, перадачу веры, увагу да пажылых і ўразлівых людзей, а таксама служэнне сваім супольнасцям і грамадству.
Паводле Папы, гэты досвед неабходна ўспрымаць не толькі як аб’ект душпастырскай апекі, але і як крыніцу ведаў для самога Касцёла. Ён заклікаў духавенства слухаць сем’і і вучыцца на іх жыцці, у тым ліку на вопыце сужэнстваў, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі, адзінотай і расчараваннямі.
Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на змены менталітэту і адзначыў, што ў многіх грамадствах расце разрыў паміж тым, як людзі жывуць сексуальнасцю і інтымнасцю, і хрысціянскім разуменнем сужэнства. Маладыя па-ранейшаму прагнуць любові, вернасці і прыналежнасці, аднак многім цяжка ўбачыць, як такое разуменне любові можа рэалізавацца ў іх жыцці, або паверыць, што пажыццёвае абавязацельства з’яўляецца ўмовай для дасягнення таго, чаго яны жадаюць.
На выбар людзей і іх уяўленне пра будучыню таксама ўплываюць эканамічная няўпэўненасць, міграцыя, насілле, адзінота і іншыя формы эмацыянальнай уразлівасці.
Пытанне – як быць побач з тымі, хто найбольш уразлівы
Гаворачы пра гэтыя змены, Леў XIV заклікаў Касцёл не абмяжоўвацца іх тлумачэннем, але дазволіць паставіць перад сабой складаныя пытанні. Ён адзначыў неабходнасць пераасэнсоўваць, дзе душпастырская мова і практыка дапамагаюць людзям адкрыць шлях да дабра, а дзе ўжо не закранаюць іх сэрца і не падтрымліваюць іх намаганняў. Асобна Папа спыніўся на вопыце бацькоў, якія дапамагаюць дзецям і моладзі арыентавацца ў новых культурных умовах.
Паводле Льва XIV, асаблівай увагі патрабуе чалавечая ўразлівасць, бо яна можа глыбока ўплываць на тое, як чалавек успрымае сябе, сваю будучыню, адносіны з Богам і Касцёлам.
Святы Айцец прапанаваў задумацца, як Касцёл прымае людзей, калі яны перажываюць цяжкасці і асабліва маюць патрэбу ў падтрымцы? Ці знаходзяць яны ў каталіцкай супольнасці месца для сябе, ці бачаць, што па-ранейшаму патрэбныя і могуць дзяліцца сваімі дарамі? У такіх сітуацыях, падкрэсліў Леў XIV, асабліва важныя цярплівасць, блізкасць і міласэрнасць.
Душпастырскі адказ на новыя выклікі
Пантыфік заклікаў удзельнікаў ватыканскага сходу разам распазнаваць, як міласэрнасць Бога і збаўчая ласка Хрыста могуць даходзіць да сем’яў сёння – асабліва ў іх слабасці і здольнасці пераадольваць цяжкасці, надзеях і расчараваннях, жаданні супольнасці і пошуку сэнсу.
Паводле Папы, гэта павінна дапамагчы Касцёлу знайсці новыя спосабы абвяшчаць Евангелле, удзяляць сакрамэнты і суправаджаць сем’і. Ён таксама адзначыў, што разнастайнасць сітуацый у розных краінах і культурах можа стаць дарам для агульнакасцельнага распазнавання.
Леў XIV заклікаў прысутных да евангельскай свабоды ў дыялогу і абмене вопытам з розных культурных кантэкстаў. Разгляд пытанняў павінен суправаджацца малітвай, стрыманасцю і канфідэнцыяльнасцю, бо толькі такі падыход можа дапамагчы пачуць голас Духа Святога.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News