Пошук

Каляндар

 
чацьвер
ВЕРАСЬНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

Cучасныя мучанікі і беларускія справы беатыфікацыі  


Cучасныя мучанікі і беларускія справы беатыфікацыіКсёндз Яўген Вінтоў распавёў "Vatican News", як у Рыме абмяркоўвалі тэму мучаніцтва ў XXI стагоддзі і чаму яна настолькі важная для Беларусі.

 

15 верасня 2026 года ў Папскім патрыстычным інстытуце "Аўгустыніянум" у Рыме адбылася міжнародная канферэнцыя "XXI стагоддзе: новы час мучанікаў?". Сярод удзельнікаў быў прадстаўнік Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз Яўген Вінтоў, які пракаментаваў яе вынікі для беларускай рэдакцыі "Vatican News".

 

Дыялог замест пераследу

 

Сустрэча аб'яднала экспертаў з розных краін і рэлігійных традыцый. Удзельнікі звярнуліся да вытокаў гэтай справы, якую распачаў Ян Павел II, кажучы пра мучанікаў XX стагоддзя, а пазней яе працягнулі Францішак і Леў XIV. "Гэта менавіта той спіс людзей, тыя біяграфіі, якія сведчаць пра чалавека, што жыве Хрыстом і дае сведчанне сваёй веры", - патлумачыў ксёндз Вінтоў. Паводле яго слоў, у гэты спіс ужо ўключана каля 1700 чалавек з Азіі, Паўднёвай Амерыкі і Афрыкі, прычым гэта не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых веравызнанняў, якія прапаведавалі Хрыста.

 

Гаворачы пра беларускі кантэкст, ксёндз Вінтоў прызнаў, што ў нашай краіне немагчыма гаварыць пра прамы пераслед хрысціян у тым сэнсе, у якім яго перажываюць вернікі ў некаторых частках Азіі ці Афрыкі. Разам з тым ён спаслаўся на думку аднаго з азіяцкіх удзельнікаў канферэнцыі: нават краіны, дзе пераследу няма, павінны вучыцца дыялогу на прыкладзе сведчанняў мучанікаў XXI стагоддзя – дыялогу з іншымі канфесіямі і рэлігіямі. Такі дыялог, паводле ксяндза, патрабуе мудрасці, але Касцёл павінен усведамляць яго неабходнасць, нават калі сёння яна не адчуваецца востра.

 

Пра беларускія справы беатыфікацыі

 

Ад агульнай тэмы мучанікаў размова перайшла да канкрэтных беларускіх працэсаў. Ксёндз Вінтоў паведаміў, што апошні этап чакае справа Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, дакументы па якой ужо знаходзяцца ў Рыме. Асобна ён вылучыў справу дамініканіна Фабіяна Малішоўскага са Стоўбцаў, дамініканіна, які жыў на пераломе XVI-XVII стагоддзяў. Захавалася нават кніга цудаў, звязаных з ім.

 

Менавіта гэтай катэгорыі спраў – гістарычным працэсам, якія калісьці распачаліся, але не былі завершаны, – будзе прысвечана кастрычніцкая канферэнцыя Дыкастэрыі па справах кананізацыі ў Рыме. Ксёндз Вінтоў дадаў, што Дыкастэрыя такім чынам дае магчымасць параіцца наконт розных этапаў і момантаў, з якімі сутыкаюцца такога роду працэсы ў многіх краінах, у тым ліку ў Беларусі.

 

Ён згадаў таксама постаць францішканіна Мельхіёра Фардона з Гродна, пра якога, на яго думку, у самой Гродзенскай дыяцэзіі гавораць менш, чым, напрыклад, у Беластоку, дзе рэгулярна праводзяцца прысвечаныя яму канферэнцыі.

 

Патрэбны жывы культ будучых святых

 

Гаворачы пра шлях “ад дакументаў да алтароў”, ксёндз Вінтоў падкрэсліў: акрамя фармальнай працы ў беатыфікацыйных і кананізацыйных працэсах патрэбны цуд, а для цуду – жывая, “адрасная” малітва вернікаў праз заступніцтва кандыдата да беатыфікацыі і кананізацыі. "Мала проста маліцца раз на месяц – важна, каб гэта сапраўды быў жывы культ", - заўважыў ён.

На думку святара, вернікам варта чытаць жыццярысы будучых святых, бачыць у іх канкрэтныя рысы – справядлівасць, любоў да Айчыны – і прасіць іх заступніцтва ў штодзённых, нават сямейных справах. Важную ролю ў гэтым, паводле эксперта, павінны адыгрываць сродкі масавай інфармацыі і душпастыры на месцах: ён прывёў прыклад маёвых набажэнстваў, для якіх можна выкарыстоўваць разважанні, напісаныя біскупам Лазінскім.

 

"Каб мы сапраўды адчувалі, што гэта нашы святыя і каб маглі паказаць свету і Беларусі, што дасягнуць святасці можна і на нашай зямлі", - гэтай думкай ксёндз Вінтоў і падсумаваў размову: беларуская зямля мае сваіх сведак веры, і задача Касцёла сёння – успомніць іх, папулярызаваць іх постаці і прапанаваць вернікам як прыклад шляху да святасці.

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


22.09.2026

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.