Пошук

Каляндар

 

ПАСТЫРСКАЯ PERICHORESIS паміж УСХОДНІМІ ЦЭРКВАМІ  


ПАСТЫРСКАЯ PERICHORESIS паміж УСХОДНІМІ ЦЭРКВАМІ8 верасня 2026 года — у свята Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы — завяршыўся васьмі-дзённы міжнародны форум (Octava), прысвечаны тэме «Пастырская перыхарэза паміж Усходнімі Цэрквамі». Мерапрыемства было арганізавана міжканфесійнай платформай Synergeia pro Oriente Christiano, якая свой каардынацыйны цэнтр мае ў горадзе Бары (у Італіі).

 

Паняцце «пастырская перыхарэза» (perichoresis pastoralis) у кантэксце Усходніх Цэркваў (як каталіцкіх, так і праваслаўных) азначае дынаміку братэрскага супрацоўніцтва і ўзаемнай падтрымкі ў пастырскім служэнні.

 

Абмен рэфлексіямі і вынікамі даследванняў праходзіў пераважна ў анлайн-фармаце з удзелам прадстаўнікоў такіх аддаленых краін, як В’етнам, Філіпіны і Камерун. Каардынацыйныя цэнтры знаходзіліся ў Бары (пад кіраўніцтвам а. д-ра Антоніа Калізі з візантыйскай каталіцкай царквы св. Яна Залатавуста) і ў Рыме (Генеральны архіў айцоў-марыянаў).

 

Ад імя Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў мерапрыемстве ўдзельнічалі архімандрыт Сяргей Гаек і іераманах Лявонцій Тумоўскі.

 

Сёлета Octava была прысвечаная Цэрквам Блізкага Усходу.

 

Асабліва каштоўным быў удзел айца Лявонція Тумоўскага, які мае доктарскую ступень у галіне ўсходніх царкоўных  навук (SEOD); ён падзяліўся ведамі і вопытам, набытымі падчас шматгадовых вышэйшых студыяў у Рыме і Грэцыі, а таксама дзякуючы шматлікім навуковым і пастырскім стажыроўкам у Ліване і Егіпце.

 

Сфера спецыялізацыі і тэолагічна-гістарычных даследавнняў айца Лявонція Тумоўскага ўключае раннехрысціянскае манаства (з акцэнтам на вытоках і эвалюцыі ранняга манаскага жыцця) і гісторыю Усходніх Цэркваў (выкладанне і даследванне гісторыі ўсходніх традыцый), асабліва ў кантэксце Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага.


Учора, 14:24

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.