Пошук

Каляндар

 

Арцыбіскуп Парыжа пра навяртанні моладзі і аўтарытэт Папы  


Арцыбіскуп Парыжа пра навяртанні моладзі і аўтарытэт ПапыЕвангелле прамаўляе да сэрца чалавека ў кожную эпоху, нават ва ўмовах секулярызацыі, якая пануе ў Францыі. Такое перакананне выказаў арцыбіскуп Парыжа Ларан Ульрыш.

 

Французскі іерарх у інтэрв’ю для штотыднёвіка „Famille Chrétienne” звярнуў увагу на перамены, якія адбываліся ў Францыі на працягу яго святарскага жыцця. “Наступствы секулярызацыі сёння дасягнулі такіх памераў, якіх я не мог сабе ўявіць падчас майго святарскага пасвячэння ў 1979 годзе. Гэты працэс ішоў ужо тады, але ён не ішоў ні ў якое параўнанне з тым, што мы перажываем сёння. Касцёл заставаўся прызнанай інстытуцыяй, а наведванне яго было спантанным”, – адзначыў 75-гадовы арцыбіскуп Парыжа.

 

У той жа час іерарх нагадаў пра неспадзяваную хвалю навяртанняў у Францыі, асабліва сярод моладзі. Душпастыр звязаў гэта з моцным уздзеяннем Евангелля, якое можа прамаўляць у кожную эпоху. Чалавек раптам разумее: таго, што дае свет, недастаткова. “Мы бачым людзей, якія перажываюць іншы, нечаканы досвед, – сказаў арцыбіскуп Ульрыш. – Гэта знак, што Бог ніколі не здаецца, Ён заўсёды дзейнічае так, каб прамаўляць да нас”.

 

Парыжскі іерарх падкрэсліў, што сам уражаны верай новаахрышчаных, якія, як вынікае з іх лістоў, “часам перажываюць адчувальную прысутнасць Пана, быццам іх ударыла маланка ў пэўны момант іх жыцця”. Як дадаў арцыбіскуп, ён сам “не так часта адчуваў фізічна прысутнасць” Бога. “Я хучтэй знаходжу сябе ў сне Якуба: “Сапраўды, Пан прысутны на гэтым месцы, а я не ведаў” (Быц 28, 16). Ёсць тыя, хто вельмі канкрэтна адчувае Яго; я ж знаходжу Яго ў слуханні Яго Слова. Глыбіня яго неаднойчы кранала мяне, а часам нават бянтэжыла. Гэтае слова заўсёды напаўняе мяне радасцю”, – прызнаўся арцыбіскуп Ларан Ульрыш.

 

Парафіі знаходзяць “нічыйную зямлю” і нясуць туды Евангелле

 

Іерарх указаў таксама на місіянерскае адраджэнне ў парафіях, якое адбываецца ў межах праграмы “Парыжскія перспектыўныя парафіі 2035”. Сутнасць яе ў тым, каб парафіяльныя супольнасці вызначылі найбольш актуальныя місіянерскія патрэбы ў бліжэйшым атачэнні. Увыніку яны адкрываюць свайго роду “нічыйную зямлю” – месцы, куды не даходзіць Евангелле. Як адзначыў арцыбіскуп Парыжа, лакальны Касцёл не чакаў такога актыўнага ўдзелу парафій у згаданым праекце.

 

Сакрэт аўтарытэту Папы Льва XIV

 

Праз тры тыдні Пантыфік прыбудзе з візітам у Францыю. У інтэрв’ю арцыбіскуп Парыжа ўказаў на асаблівы аўтарытэт Льва XIV, які вынікае з даверу, які Папа ўскладае на Бога. “Мы ведаем, што Яго Слова можа дайсці туды, куды Ён пажадае. Леў XIV кіруецца менавіта гэтай верай і заўсёды ёй жыве. Папа кажа тое, што лічыць правільным. Уплывовыя гэтага свету добра ўсведамляюць гэта, калі назіраюць за ім. Яны адчуваюць, што няма сэнсу супраціўляцца яму. Яны слухаюць яго словы; ідуць за ім ці не – але яны чуюць іх. Гэта слова, якое пранікае ў сумленні”, – падкрэсліў парыжскі іерарх.

 

Ян Глінскі, https://www.vaticannews.va/


4.09.2026

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.