Пошук

Каляндар

 

Арцыбіскуп Галахер наведаў храм Хрыста Збаўцы ў Маскве  


Арцыбіскуп Галахер наведаў храм Хрыста Збаўцы ў Маскве26 жніўня 2026 года ў рамках візіту ў Расію сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі наведаў маскоўскі храм Хрыста Збаўцы. Напярэдадні адбылася яго сустрэча з мітрапалітам Валакаламскім Антоніем, у ходзе якой былі разгледжаны пытанні ўзаемнага інтарэсу для Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы.

 

Другі дзень візіту сакратара па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, у сталіцу Расійскай Федэрацыі быў прысвечаны наведванню храма Хрыста Збаўцы. Арцыбіскупа Галахера сустрэў намеснік старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Ігар Выжанаў. Напярэдадні, у аўторак, 25 жніўня 2026 года, адбылася афіцыйная сустрэча ватыканскага дыпламата з кіраўніком аддзела, Мітрапалітам Валакаламскім Антоніем.


Дэлегацыя Святога Пасада ў складзе арцыбіскупа Галахера і апостальскага нунцыя ў Расійскай Федэрацыі арцыбіскупа Джавані Д’Аньела наведала сабор. Для гасцей правялі экскурсію, якая працягвалася больш за гадзіну і завяршылася на тэрасе храма, адкуль адкрываецца панарамны від на Маскву.


Кафедральны сабор Хрыста Збаўцы стаў адным з сімвалаў адраджэння праваслаўнай веры ў Расіі. Яго першапачатковы праект датуецца 1812 годам, калі імператар Аляксандр I загадаў узвесці храм, прысвечаны Хрысту Збаўцы ў памяць пра вызваленне Расіі ад напалеонаўскага нашэсця. Будаўніцтва пачалося толькі ў 1860 годзе. У 1883 годзе ў саборы адбылася каранацыя імператара Аляксандра III.

 

Храм мае складаную і трагічную гісторыю: у 1931 годзе яго ўзарвалі па загадзе савецкіх уладаў. У пасляваенны час на яго месцы быў пабудаваны басейн. Пасля распаду СССР у лютым 1990 года Руская Праваслаўная Царква атрымала дазвол на аднаўленне храма. Сродкі на будаўніцтва ў фонд, створаны ў 1992 годзе, уносілі вернікі з усёй Расіі.


У храме Хрыста Збаўцы захоўваюцца важныя мастацкія і духоўныя каштоўнасці. Арцыбіскуп Галахер наведаў выставу, прысвечаную гісторыі храма. У экспазіцыі прадстаўлены царкоўныя рызы, гістарычныя дакументы, эскізы і рэліквіі, якія пазбеглі знішчэння або былі адноўлены расійскімі майстрамі.

 

Наведаўшы падземную царкву Перамянення Гасподняга, арцыбіскуп Галахер падняўся ў верхнюю частку сабора, упрыгожаную іканастасам і фрэскамі агульнай плошчай 22 тысячы квадратных метраў. Тут ён спыніўся для малітвы перад іконай Маці Божай Уладзімірскай, якая па традыцыі лічыцца творам святога Лукі. Ікона была вернута Праваслаўнай Царкве і сёння з'яўляецца адной з галоўных святыняў для вернікаў у Расіі.

 

Стэфана Ляшчынскі, пераклад і адаптацыя Марыя Валодзіна - Vatican News


28.08.2026

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.