У Ватыкане апублікавалі “Тэматычны шлях” сустрэчы Льва XIV з прадстаяцелямі Усходніх Цэркваў і старшынямі біскупскіх канферэнцый свету, запланаванай на кастрычнік 2026 года.
Генеральны сакратарыят Сіноду і Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям'і і жыцця 6 ліпеня 2026 года апублікавалі сумесную заяву і адпаведны “Тэматычны шлях”. Гэты рабочы дакумент прызначаны для падрыхтоўкі і правядзення сустрэчы, якую Папа склікае ў Ватыкане.
На форум, запланаваны на 7-14 кастрычніка 2026 года, збяруцца кіраўнікі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў і старшыні біскупскіх канферэнцый з усяго свету. Нагодай для шырокага абмеркавання стала дзесяцігоддзе Апостальскай адгартацыі "Amoris laetitia".
Душпастырскі пошук у духу супольнага слухання
Ініцыятыва Святога Айца скіравана на глыбокае душпастырскае распазнанне. Мэта сустрэчы ў тым, каб "прасачыць ва ўзаемным слуханні сінадальны шлях крокаў, якія неабходна зрабіць для абвяшчэння Евангелля сем'ям сёння, у святле “Amoris laetitia” і з улікам таго, што рэалізуецца ў мясцовых Касцёлах", так гэта сфармулявалявана ў сумеснай заяве дыкастэрый.
Арганізатары падкрэсліваюць, што хрысціянскія сем'і з'яўляюцца не проста аб'ектамі касцельнай дапамогі, а сапраўднымі суб'ектамі евангелізацыйнай місії. Падчас працы ў Ватыкане іерархі будуць дзяліцца жывым досведам парафіяльных супольнасцей, абмяркоўваць канкрэтныя жыццёвыя гісторыі, аналізаваць дзейсныя праграмы суправаджэння і раіцца з экспертамі.
Дакумент вылучае пяць асноўных кірункаў для роздуму пастыраў і вернікаў. Першы пункт закранае рэальнасць, прыгажосць і выклікі сучасных сем'яў, патрабуючы ад Касцёла асаблівай увагі і чуласці да такіх праблем, як нестабільнасць працы і жылля, хваробы, адзінота і догляд пажылых людзей.
Другая тэма прысвечана моладзі і адкрыццю сужэнскага паклікання, паколькі ў многіх рэгіёнах свету знізіўся давер да трываласці сужэнства ў выніку эканамічных і сацыяльных прычын. Трэці і чацвёрты кірункі ахопліваюць першыя рашаючыя гады сужэнскага жыцця, а таксама суправаджэнне людзей у складаных сітуацыях, уключаючы досвед расстання, разводу або гвалту. Пяты раздзел разглядае хрысціянскія сем'і як суб'екты місіі, дзе сужэнцы самі становяцца апосталамі для іншых пар.
Досвед жывых супольнасцей становіцца асновай для будучых рашэнняў
Падчас нядаўняга надзвычайнага Кансісторыя, які прайшоў 26-27 чэрвеня 2026 года ў Ватыкане, Леў XIV звярнуўся да сямейнай праблематыкі. Ён адзначыў: "Там, дзе сям'ю падтрымліваюць і суправаджаюць, расце школа адносін, сaлідарнасці і надзеі; там, дзе яна паранена або ізалявана, усе наступствы нясе на сабе грамадства".
На гэтым пасяджэнні Пантыфік паведаміў, што ў кастрычніцкім форуме прымуць удзел і некаторыя хрысціянскія сем'і. На думку Папы, іх прысутнасць з'яўляецца істотнай, і ён выказаў спадзяванне на тое, што ўсе ўдзельнікі сустрэчы падрыхтуюцца, уважліва выслухаўшы досвед сямейных супольнасцей у сваіх мясцовых Касцёлах.
У заяве арганізатары звяртають увагу на тое, што гэтая сустрэча не з'яўляецца Асамблеяй Сіноду Біскупаў. Тым не менш, яна пройдзе ў сінадальным стылі, бо падзяляе агульны дух рэалізацыі сінадальнага шляху, заснаванага на слуханні, малітве і супольным распазнанні.
Тэкст “Тэматычнага шляху” ўжо даступны на некалькіх мовах на афіцыйных інтэрнэт-старонках Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця, а таксама Генеральнага сакратарыяту Сіноду.
Нагадаем, што сама Апостальская адгартацыя "Amoris laetitia" была выдадзена Папам Францішкам 19 сакавіка 2016 года як вынік трохгаводага працэсу сінадальнага абмеркавання пытанняў сям'і.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News