На старонках часопіса “Piazza San Pietro” Леў XIV зноў адказаў на ліст чытача. На гэты раз – італьянскага юнака, які падзяліўся трывогай і разгубленасцю з прычыны сітуацыі ў сферы адносін.
“Не спяшайся адразу ўсё зразумець. Час – цярплівы настаўнік і лечыць раны. Штодзённая малітва, нават простая і бедная на словы, слуханне Божага слова, удзел у сакрамэнтах і размовы з мудрымі людзьмі дапамогуць табе распазнаць, якія сувязі трэба захоўваць і развіваць, а якія – без асуджэння – адпусціць”, - напісаў Папа.
Малады чалавек прызнаўся, што адчувае “страх страціць усіх сяброў”, якіх “завёў на гэтым этапе свайго жыцця, не толькі ў школе, але і ў парафіі, і ў паўсядзённым жыцці”.
Святы Айцец спачатку запэўніў юнака ў любові Хрыста. “Цябе любіць Езус. Не абстрактна, а асабіста. Любіць такім, якім ты ёсць сёння – з тваімі пытаннямі і марамі, страхамі і жаданнямі. Гэта любоў апярэджвае цябе і будзе суправаджаць цябе заўсёды – яна не залежыць ад тваіх рашэнняў і шляхоў, якія пройдзеш”, - напісаў ён.
Пантыфік нагадаў, што Езусу быў добра знаёмы досвед сяброўства. “Ён называў сябрамі сваіх вучняў, раздзяляў з імі хлеб і шлях, быў сябрам Лазара, Марты і Марыі. Ён перажыў сапраўдныя і праўдзівыя адносіны, спазнаўшы нават боль расстання і здрады”, - заўважыў Папа.
“Вось чаму Езус быў бы першым, хто зразумеў бы твой страх страціць сяброўства, якое адзначала гэтыя гады. Не ўсё для цябе застанецца ранейшым, але тое, што было сапраўдным, не знікне; наадварот, сапраўднае каханне не раствараецца і застаецца навекі, яно сталее нават тады, калі змяняе форму”, - дадаў ён.
Юнак прызнаўся, што марыць “ісці разам з кімсьці па дарозе” любові Хрыста, хоць яму не хапае ўпэўненасці ў адносінах, якія будуе, і якія з іх сапраўдныя. У сваім адказе Папа супакойвае маладога чалавека, падкрэсліваючы, што яго мара “пра сям’ю, заснаваную на любові Хрыста”, з’яўляецца каштоўным дарам таксама і для Касцёла.
“Захоўвай яе з даверам. Пан не расчароўвае жаданняў, якія Сам распаліў у сэрцы. Запэўніваю цябе ў сваёй малітве. Прашу для цябе аб ласцы ўнутранага супакою, даверу і яснага погляду на тваё жыццё. Давяраю цябе Марыі, якая яшчэ ў маладосці навучылася давяраць, хоць і насіла ў сэрцы пытанні, большыя за Яе саму”, - напісаў Леў XIV.
Аляксандр Панчанка – Vatican News